Супрацьстаянне праваабаронцы і пракурора
Сёння, а 10 гадзіне ў судзе касацыйнай інстанцыі ў памяшканні Віцебскага абласнога суду пачаўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні праваабаронцы Валерыя Шчукіна.
Нагадаем, што паўтара месяца таму суддзя Наталля Гур`ян задаволіла патрабаванне сябра апарата Віцебскай абласной выбарчай камісіі Таццяны Буевіч аб кампенсаванні маральнай шкоды. На праваабаронцу павесілі штраф у 40 базавых велічынь (1 мільён 240 тысяч рублёў). Яму паставілі ў віну абразу сябраў выбарчых камісій падчас выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі ўлёткі, у якіх праваабаронца крытыкуе працу акруговай камісіі па выбарах дэпутатаў у Віцебскі абласны савет, паведамляе сайт АГП.
З рашэннем суду выказалі нязгоду і сам Валеры Шчукін, і пракурор Талкачова. Абодва патрабавалі адмяніць рашэнне суду. Пры гэтым Шчукін настойвае на закрыцці справы, а пракурор – на турэмным арышце.