Акцыя з нагоды 27 ліпеня адбудзецца пры любым надвор’і
Паводле старшыні аргкамітэту 27 ліпеня, намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, нягледзячы на затрыманні напярэдадні акцыі, яна абавязкова пройдзе ў сталіцы.
- Акцыя адбудзецца пры любым надвор’і. Рок-канцэрта, відаць, не атрымаецца, але імпрэза ля Чырвонага касцёла і ў скверы імя Янкі Купалы адбудуцца своечасова.
16.00 – сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнага Савета 12 склікання, якія прымалі Дэкларацыю аб суверэнітэце. Акцыя адбудзецца на пляцоўцы ля Чырвонага касцёла (Плошча Незалежнасці). Арганізатары разлічваюць на некалькі сот маладых чалавек – равеснікаў незалежнасці – людзей, якія ведаюць пра тыя падзеі з чужых аповедаў альбо з падручнікаў. Візуалізацыя акцыі – нацыянальная сімволіка і атрыбутыка: майкі, значкі, стужкі.
17.00 – ускладанне кветак, літаратурныя чытанні у скверы імя Янкі Купалы, ля помніка песняру. Дуда Пана Скіргайлы, бардаўскія выступы, народныя спевы, гісторыкі, палітыкі. Народныя гулянні і святкаванне.
У 18.00 моладзь, музыкі і палітыкі збяруцца на плошчы Бангалор. У адказе гарвыканкама наконт святочнага канцэрта сцвярджалася, што якраз у гэты час у Парку дружбы народаў запланаваныя работы па падрыхтоўцы да святкавання 940-годдзя Мінску. Будзе магчымасць ацаніць, як вядуцца працы, узяць аўтографы ў музыкаў і проста адпачыць, разлічваюць у аргкамітэце 27 ліпеня.
З нагоды акцыі Партыяй БНФ вырабленыя друкаваныя матэрыялы – паштоўкі нацыянальных колераў з запрашэннем на акцыю. Дызайн паштоўкі распрацаваў вядомы ў інтэрнет-колах мастак HVOST, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.