viasna on patreon

Тэлепраект Аляксандра Зімоўскага выклікаў пратэсты эколагаў

2007 2007-08-09T17:01:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Група актывістаў Беларускага экалагічнага руху распаўсюдзіла адкрыты зварот да грамадзян краіны з нагоды рэкламавання на айчынным тэлебачанні забойстваў жывёлаў у Нацыянальных парках Беларусі. Падставай для пратэсту стаў відэафільм АТН (Агенцтва тэлевізійных навін) “Беловежское сафари”, які 30 ліпеня 2007 году дэманстраваўся на Першым канале Беларускага тэлебачання. Згаданы відэафільм з’яўляецца часткай праекту Аляксандра Зімоўскага “Нацыянальныя паркі Беларусі”.

Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Георгій Казулька – адзін з ініцыятараў звароту, – на працягу амаль паўгадзіны тэлегледачоў знаёмілі з індустрыяй забойства дзікіх жывёлаў. Прычым гэта адбывалася не ў нейкай звычайнай паляўнічай гаспадарцы, а ў знакамітым Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. Стваральнікі фільму (аўтар сцэнару – Дзяніс Кур’ян) падрабязна распавядалі і паказвалі, як замежныя госці забіваюць аленяў, дзікіх кабаноў на тэрыторыі запаведніку. У відэафільме нават быў выкарыстаны эпізод, зняты на мабільны тэлефон, калі паляўнічыя сабакі разрываюць на часткі дзіка.

Аўтары звароту лічаць, што дэманстрацыя па тэлебачанні сцэн жорсткага абыходжання з жывёламі недапушчальная. Яны перакананыя, што ў Еўропе такі выпадак выклікаў бы скандал нацыянальнага маштабу і скончыўся б судовай справай для асобаў, якія спрычыніліся да такога здарэння.

Беларускія эколагі патрабуюць “спыніць у нацыянальных СМІ рэкламу забойстваў жывёлаў на тэрыторыях, што знаходзяцца пад асаблівай аховай”, бо гэта ёсць не толькі амаральным і экалагічна шкодным заняткам, але і кампраметуе дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы перад цывілізаваным светам. “Работнікі прыродаахоўных установаў, тыя, хто павінен у першую чаргу адстойваць маральныя, экалагічныя і юрыдычныя прынцыпы аховы дзікіх жывёлаў, на самой справе з’яўляюцца прапагандыстамі ганебнай ідэялогіі камерцыйнага палявання”, – гаворыцца ў звароце групы беларускіх эколагаў. Яны просяць усіх свядомых грамадзян краіны падтрымаць іх ініцыятыву і накіраваць свае лісты пратэсту на БТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства