Праваабаронцу затрымалі за збор ахвяраванняў
Супрацоўнікі чыгуначнага РАУС Віцебска затрымалі вядомага праваабаронцу Валерыя Шчукіна, калі ён збіраў ахвяраванні грамадзянаў на выплату маральнай шкоды Таццяне Буевіч, якая падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы выконвала абавязкі сакратаркі пры старшыні абласной камісіі.
Суд па заяве грамадзянкі Буевіч палічыў, што Шчукін, які хацеў трапіць на адкрытае пасяджэнне гэтай камісіі, яе абразіў. І яго накіравалі ў ІЧУ на святы Новага года і Раства Хрыстова. А ў чэрвені па выніках разгляду крымінальнай справы за знявагу той жа Буевіч і яшчэ трох чальцоў акруговай камісіі Шчукіну прысудзілі сплаціць валанцёрцы выбарчай камісіі 250 тысячаў рублёў за маральную шкоду. Гэткіх грошай пенсіянер не мае і таму вымушаны быў пайсці па дапамогу да добрых людзей, паведамляе “Радыё Рацыя”.
13 жніўня ён выйшаў на пераходны мост праз чыгуначныя рэйкі побач з пад’ездам дома, дзе жыве Буевіч, і пачаў распаўсюджваць зварот да грамадзянаў аб аказанні «65?гадоваму пенсіянеру Валерыю Шчукіну фінансавай дапамогі дзеля выплаты 37?гадовай Таццяне Буевіч сродкаў на маральныя траты». Сабраць ён паспеў толькі 1200 рублёў, як па сігнале нейкага пільнага месціча, а можа, і маці Буевіч, якая выходзіла паглядзець, што адбываецца, з’явіўся патруль. Была выклікана машына — і праваабаронцу адвезлі ў пастарунак.
Нічога крамольнага ва ўлётцы міліцыянты знайсці не здолелі і праз дзве гадзіны вызвалілі. Адно папрасілі, каб былы дэпутат Вярхоўнага Савета не распаўсюджваў зварот, а проста стаяў бы з працягнутай рукой ці капялюшам, бо забараніць жабраваць ніхто не можа.