Мікіту Сасіма будуць судзіць
Сёння раніцай прэс-цэнтру Хартыі’97 стала вядома месцазнаходжанне моладзевага лідэра Мікіты Сасіма. У Цэнтральным РУУС Менска, нарэшце, прызналіся, што актывіст знаходзіцца ў іх. Па словах супрацоўнікаў міліцыі, сёння Сасіма будуць судзіць, аднак, па якім артыкуле, гаварыць адмаўляюцца.
Моладзевы лідэр Мікіта Сасім быў затрыманы 16 жніўня, у Дзень беларускай салідарнасці невядомымі людзьмі ў цывільным. Сасіма схапілі ў 21.30 ля сталічнага кінатэатра «Масква» і павезлі ў аўтамабілі УАЗ пад нумарам 9215 ЕЕ70. Пры затрыманні моладзевага лідэра гэтыя людзі, верагодна, супрацоўнікі спецслужб або АМАПа, збівалі моладзевых актывістаў. Так, па сведчанні відавочцаў, Таццяну Цішкевіч, якая ўстала на абарону Сасіма, спачатку павалілі на зямлю, а потым стукнулі некалькі разоў нагамі. Дзяўчыне змушаныя былі выклікаць «хуткую дапамогу» і яе павезлі ў 9-ы шпіталь Менска.
Мікіта Сасім браў удзел у адной з акцый салідарнасці, якія прайшлі ўчора ў Менску. Разам з дзесяткамі актывістаў ён прыйшоў сёння да касцёла святога Язэпа, каб памаліцца за вяртанне Каталіцкай царкве храма, які менскія ўлады збіраюцца перабудаваць у фешэнебельны гатэль. Але маладыя людзі не змаглі маліцца каля храма, адтуль іх выцеснілі супрацоўнікі міліцыі. Тады ніхто затрыманы не быў, затрымалі Сасіма праз гадзіну пасля акцыі.