Ліквідаваная Беларуская экалягічная партыя зялёных (БЭЗ)
Сёньня Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускую экалягічную партыю зялёных (БЭЗ). Задаволены пазоў Міністэрства юстыцыі. Паводле яго, БЭЗ “не змагла ўпарадкаваць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці са зьменамі і дапаўненьнямі ў закон “Аб палітычных партыях”, якія набылі сілу ў ліпені 2005 году”.
У час паседжаньня Вярхоўнага суду была агучана заява старшыні БЭЗ Мікалая Карташа, у якім ён не пярэчыў супраць пазову Мінюста і прасіў праводзіць яго разгляд у адсутнасьць прадстаўнікоў партыі.
Намесьнік старшыні Беларускай экалягічнай партыі зялёных Яўген Церахаў заявіў сёньня раней Радыё Свабода, што ніхто з кіраўніцтва БЭЗ на суд ня зьявіцца.
“Сустаршыня БЭЗ Мікалай Карташ знаходзіцца ў службовай камандзіроўцы ў Вэнэсуэле, другі сустаршыня Міхаіл Фрыдлянд даўно зьехаў у ЗША. Дакумэнты і пячатка БЭЗ – згубленыя. Офіс зачынены. Рэгіянальныя структуры распаліся. Лягчэй стварыць новую экалягічную партыю, чым аднавіць ранейшую. Цалкам вінаватыя ў яе разбурэньні былыя кіраўнікі БЭЗ”, – паведаміў Яўген Церахаў.