Польскіх шпіёнаў будуць судзіць у адзін дзень з маладафронтаўцамі
Сёньня стала вядома, што судовыя слуханьні па справе польскіх шпіёнаў пачнуцца 4 верасьня ў ваеннай калегіі Вярхоўнага суду. Справу будуць разглядаць пры зачыненых дзьвярах.
Інфармацыя пра польскіх шпіёнаў зьявілася ў беларускіх СМІ ў сярэдзіне ліпеня. Тады стала вядома, што ў агентурную сетку ўваходзілі чацьвёра вайскоўцаў беларускай арміі і афіцэр узброеных сіл Расеі. Па вэрсіі КДБ іх цікавілі ваенна-стратэгічныя аб’екты Беларусі.
Па справе праходзяць беларусы Рускін, Богдан, Карнялюк, Пяткевіч і расеец Юрэня, крымінальная справа заведзеная па артыкуле 356-1 КК “Здрада дзяржаве ў форме шпіянажу”. Артыкул прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Варта нагадаць, што 4 верасьня таксама пачнецца разгляд крымінальных справаў “маладафронтаўцаў” Івана Шылы і Насты Азаркі.