Мінская гарадская пракуратура распачала крымінальную справу па факце прэсавай канфэрэнцыі аб фальсыфікацыях падчас галасаваньня
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода, 14 кастрычніка лідэры апазыцыйных партыяў прадэманстравалі журналістам праекты пратаколаў участковых выбарчых камісіяў з гатовымі лічбамі, а таксама зводныя табліцы па акрузе з разьмеркаваньнем галасоў на ўчастках.
Копіі падрыхтаваных пратаколаў і табліцаў паралельна патрапілі да актывіста ініцыятывы “За справядлівыя выбары” Анатоля Фёдарава й да лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. У пратаколах ужо запісаныя вынікі на карысьць А. Лукашэнкі і кандыдатаў ад улады.
15 кастрычніка ўвечары пракурор Менску Мікалай Кулік ў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню заявіў пра ўчорашнюю прэсавую канфэрэнцыю наступнае: “Яе ўдзельнікамі распаўсюджаныя адпачатна ілжывыя й ганебныя для прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і іншых службовых асобаў прыдумкі, якія датычацца маючых адбыцца рэспубліканскага рэфэрэндуму й выбараў”.
Пракурор Кулік дадаў, што “матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя зьвесткі, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў” паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – аб паклёпе ды аб паклёпе на прэзыдэнта. Таму пракуратура распачала па гэтых артыкулах кодэксу крымінальную справу.