Апазіцыйны актывіст, дэпутат Вярхоўнай Рады 13 скліканьня Андрэй Клімаў прысуджаны да 2 гадоў калоніі строгага рэжыму за публікацыю ў Інтэрнэце.
Сёмага жніўня 2007 у сродках масавай інфармацыі з'явілася інфармацыя аб тым, што Андрэй Клімаў прысуджаны да двух гадоў калоніі.
Інфармацыю пра суд над Клімавым журналісту Андрэю Груздзіловічу пацвердзілі ў Пракуратуры і Цэнтральным судзе горада Менска. Працэс над палітыкам пачаўся 30 ліпеня 2007г. і скончыўся ўжо праз два дні, 1 жніўня. Прысуд вынесла суддзя Алена Ільіна. У якасці грамадскага абаронцы на працэсе павінна была прысутнічаць жонка Клімава - Таццяна Левановіч-Клімава.
Апазіцыйны лідэр, дэпутат Вярхоўнай Рады 13 склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007г. за апублікаваны на сайце Аб'яднанай грамадзянскай партыі артыкул (ад 25 студзеня 2007г.). Супраць палітыка заведзена крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 УК РБ "Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай зьмене канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здзейсьненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі". Андрэй Клімаў утрымліваецца ў следчым ізалятары №1 г. Менска. Падчас следства ў СІЗА ў Андрэя Клімава адбыўся сардэчны прыступ.
10 верасня адвакат Валянціна Лятун паведаміла "Радыя Свабода", што працэс над Андрэем Клімавым быў закрытым. На далейшыя пытаньні адвакат адмовілася адказваць.
Таццяна Левановіч-Клімава на тэлефон не адказвае і не дае якой-небудзь інфармацыі.
У Цэнтральным судзе г. Менска журналістам удалося высьвятліць, што былы дэпутат асуджаны на два гады строгага рэжыму.
Прысуд Андрэю Клімаву яшчэ не атрымаў законнай сілы. Па інфармацыі з Менскага гарадскога суду, абарона Клімава накіравала папярэднюю скаргу, ідзе азнаямленьне з пратаколам працэсу.
Раней Клімаў, актыўны апанент Аляксандра Лукашэнка, правёў 4 гады ў турме па абвінавачваньні ў эканамічных злачынствах, а таксама быў асуджаны на 15 месяцаў абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных акцый пратэсту на Дзень Волі ў 2005 г.
Андрэй Клімаў жанаты і мае дваіх дзяцей.
Публікацыя Андрэя Клімава ад 25 студзеня 2007 г. не з'яўлялася заклікам да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Яна насіла характар палітычнай дыскусіі, выяўляла пазіцыю аўтара на прадмет аналізу і развіцьці сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, варыянтаў яе развіцьця. Арышт Клімава неабходна атаясамліваць з яго актыўнай палітычнай дзейнасьцю.
Жадаем адзначыць, што ў Беларусі ўжо мелі месца прэцэдэнты вынясеньня палітычна матываваных прысудаў журналістам і грамадскім актывістам за публікацыі ў сродках масавай інфармацыі.
Палітычны прысуд Андрэю Клімаву выклікае занепакоенасьць беларускай грамадскасці. Ён парушае артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Беларускія праваабаронцы і "Міжнародная амністыя" прызналі Андрэя Клімава вязнем сумленьня.
Інфармацыя падрыхтаваная па матэрыялах:
www.belаpan.com, www.svaboda.org, www.spring96.org, www.charter97.org