viasna on patreon

Суды над апазыцыяй на Берасьцейшчыне будуць доўжыцца да кастрычніка

2007 2007-09-24T14:50:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На Берасьцейшчыне працягваюцца суды над актывістамі дэмакратычнага руху. У Берасьці судзяць затрыманых 19 жніўня ўдзельнікаў сходу пад час прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Некаторых зь іх – завочна. Аналягічная сытуацыя ў Баранавіцкім судзе. Там судзяць моладзевых актывістаў, якія прыйшлі 10 верасьня падтрымаць Яраслава Грышчэню каля будынку Баранавіцкага суду.

Сёньня ў Берасьці ў судзе Маскоўскага раёну будуць судзіць Насту Мялешку, карэспандэнтку газэты “Брестский курьер”, якая прыйшла 19 жніўня на прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу” па заданьню рэдакцыі. Яе затрымалі разам з іншымі ўдзельнікамі сходу. У пастарунак міліцыі трапілі 28 чалавек. На 15 зь іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Назіральнікі ня выключаюць, што супраць Насты справу могуць спыніць.

Значна горшая сытуацыя ў Кацярыны Бельскай. Судзьдзя вярнула пратакол у міліцыю, каб там яго перарабілі. У выніку паводле новых абвінавачаньняў Кацярына можа трапіць за краты. Міліцыянты прыгадалі, што яе цягам году ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці і цяпер Кацярына абвінавачваецца ў паўторным правапарушэньні. Яе справу будуць разглядаць 26 верасьня.

Раней разгледзелі справы Юркі Бакура, Любові Праневіч, Сяргея Лазенкі, Яўгена Бялясіна, Вячаслава Круглова і Васіля Лаўрэнюка. Юрка Бакур лічыць сваё затрыманьне адным з элемэнтаў новай тактыкі ўладаў:

“Затрыманьні былі ня толькі ў Берасьці, але й ў Гомелі, і ў Менску як са “Свабодным тэатрам”, і цяпер гэта працягваецца. Я думаю, што гэта глупства, і ўлады толькі сабе горш робяць. Гэта ж надае папулярнасьці апазыцыі, папулярнасьці моладзевым актывістам”.

У Баранавічах судзяць у асноўным сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якія прыйшлі 10 верасьня падтрымаць ля Баранавіцкага суду Яраслава Грышчэню. Суд завочна карае людзей штрафамі. Сярод іх Зьміцер Хведарук, якога аштрафавалі на 22 базавыя велічыні, і Тацяна Буланава. Тацяну спачатку абвінавацілі ў дробным хуліганстве, напісаўшы ў пратаколе, што яна сьвістала ў сьвісток. Суд аштрафаваў яе на дзьве базавыя велічыні. Але цяпер на Тацяну склалі яшчэ адзін пратакол. Гэтым разам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Гаворыць Тацяна Буланава:

“Калі я папрасіла паказаць мне пратакол, то яны сказалі, што нічога новага я там не ўбачу. Там ужо ўсё было напісана. Таму я ня бачу сэнсу, каб ехаць з Магілёву ў Баранавічы, каб паглядзець на ўсю гэтую хлусьню. Напэўна, нашы штрафы пойдуць на заробкі міліцыянтаў, якія нас хапаюць”.

Пакуль суды арыштавалі толькі Паўла Севярынца – у Берасьці на 15 сутак, у Баранавічах – на 17. Павал Севярынец выйдзе на волю 27 верасьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства