viasna on patreon

Светлагорскіх дэмакратаў цягаюць у КДБ

2007 2007-09-26T11:42:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Светлагорску 25 верасня па крымінальнай справе “Маладога фронту” быў дапытаны ў якасці сведкі мясцовы жыхар Тэльман Маслюкоў. Допыт праводзіўся ў міжраённым аддзяленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Падчас допыту Т. Маслюкоў не пагадзіўся з фармулёўкай “незаконная друкаваная прадукцыя”, якую супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўключыць у паказанні ў дачыненні да выданняў, якія былі выняты у жыхара Светлагорска Арсеня Ягорчанкі.

Крымінальная справа “Маладога фронту” заведзена Упраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці пад № 07064320087. 16 верасня міліцыя правяла агляд кватэры 17-гадовага жыхара Светлагорска Арсеня Ягорчанкі, які сёлета пасля заканчэння мясцовай школы № 10 паступіў у Вільні ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ). Пры аглядзе міліцыянты вынялі партатыўны камп’ютэр, сістэмны блок настольнага камп’ютэра і розныя друкаваныя выданні. Некалькі месяцаў таму А. Ягорчанка дапытваўся ў гэтым жа аддзяленні КДБ як сведка па справе “Маладога фронту”.

Перад пачаткам допыту супрацоўнікі КДБ паведамілі Т. Маслюкову аб тым, што пасля агляду кватэры А. Ягорчанка з’ехаў у Літву і не з’явіўся даваць паказанні. На пастаўленыя пытанні Т. Маслюкоў, які навучаецца ў магістратуры ЕГУ, адказаў, што з Арсенем знаёмы, але аб тым, ці належыць хлопец да “Маладога фронту”, як і аб незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, яму нічога не вядома.

Допыт правёў дазнавацель Аляксей Аляксандравіч Шагінаў у прысутнасці начальніка аддзялення Аляксандра Юліанавіча Пралеткоўскага. Позву А. Шагінаў уручыў Т. Маслюкову ў папярэдні дзень. Дазнавацель ужо імкнуўся ўручыць позву двума днямі раней, але тады Т. Маслюкоў не пагадзіўся яе атрымліваць, паколькі гэта было пасля 22 гадзінаў увечары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства