25 верасьня па крымінальнай справе "Маладога фронту" быў дапытаны ў якасьці сьведкі Тэльман Маслюкоў.
Допыт праводзіўся ў міжраённым аддзяленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Падчас допыту Маслюкоў не пагадзіўся з фармулёўкай "незаконная друкаваная прадукцыя" – такое вызначэнне супрацоўнікі КДБ спрабавалі ўключыць у паказанні ў дачыненні да выданняў, якія знайшлі ў жыхара Светлагорска Арсеня Ягорчанкі. Крымінальная справа "Маладога фронту" вядзецца Ўпраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці пад № 07064320087. У ноч з 16 на 17 верасня міліцыя правяла ў Светлагорску агляд кватэры 17-гадовага Арсеня Ягорчанкі, які сёлета пасля заканчэння мясцовай школы № 10 паступіў у Вільні ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ). Некалькі месяцаў таму А. Ягорчанка дапытваўся ў гэтым жа аддзяленні КДБ як сведка па справе менскай моладзі, якую абвінавацілі ў прыналежнасці да МФ. – 16 верасня міліцыянты і панятыя сустрэлі мяне ўвечары напачатку 23-й гадзіны, на лесвічнай пляцоўцы, і зайшлі ў кватэру. Бацькоў і дарослых у гэты час там не было. Ператрус цягнуўся прыкладна да паловы першай гадзіны ночы, – паведаміў Арсень. – Міліцыянт, які кіраваў "аперацыяй", ужо сачыў за мной і маімі сябрамі аднойчы ўвесну: мы тады ўскладалі кветкі да помніка Раману Шацілу ў цэнтры горада, а таксама рабілі прыборку на Шацілкаўскіх могілках, каля Крыжа памяці ахвяраў рэпрэсій. Пры аглядзе кватэры міліцыя выняла друкаваныя выданні: ўлёткі з інфармацыяй аб тым, што ў краіне будуць адмены сацыяльныя гарантыі для шэрагу катэгорый насельніцтва, малафарматныя газеты "Палеская праўда" і "Рэгіянальныя навіны", брашуры "Малы канспіратар". Былі выняты таксама буклеты са зваротам Кангрэсу Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) Беларусі, брашуры з эканамічнай платформай АДС і налепкі "Еўрапейскі марш". Усё гэта праваахоўныя органы падаюць зараз як "незаконную друкаваную прадукцыю", якая нібыта сведчыць аб дзейнасці ў горадзе "Маладога фронту". – Міліцыянты забралі яшчэ партатыўны камп’ютэр, які я набыў, каб ехаць з ім на вучобу, а таксама сістэмны блок настольнага камп’ютэра і чатыры бел-чырвона-белыя сцяжкі, – распавёў Арсень. Перад пачаткам допыту супрацоўнікі КДБ паведамілі Тэльману Маслюкову, што пасля агляду кватэры Арсень Ягорчанка з’ехаў у Літву і не з’явіўся даваць паказанні. На пастаўленыя пытанні Т. Маслюкоў, які навучаецца ў магістратуры ЕГУ, адказаў, што з Арсенем знаёмы, аднак ні аб незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", ні аб тым, ці належыць хлопец да яго, нічога ня ведае. Допыт правёў дазнавацель Аляксей Шагінаў у прысутнасці начальніка аддзялення Аляксандра Пралеткоўскага. Позву спадар Шагінаў уручыў Т. Маслюкову ў папярэдні дзень. Дазнавацель імкнуўся зрабіць гэта двума днямі раней, але тады Тэльман Маслюкоў не пагадзіўся яе атрымліваць, паколькі гэта было пасля 22 гадзінаў увечары.