viasna on patreon

Дэмакратычная грамадзкасьць у Беларусі адзначыла Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

2007 2007-10-29T14:01:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня дэмакратычная грамадзкасьць у Беларусі адзначае Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, аднак ўлады не далі дазволу на правядзеньне ва ўрочышчы Курапаты мітынгу-рэквіему.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій заклікаў грамадзкасьць узяць удзел у акцыі, а з надыходам прыцемкаў запаліць сьвечкі па хатах, каб нагадаць пра больш як паўтара мільёна ахвяраў таталітарызму.

Раней плянавалася й правядзеньне мітынгу-рэквіему а 16.30 ва ўрочышчы Курапаты. Аднак сустаршыня аргкамітэту Ігар Кузьняцоў заявіў: "Мітынгу ўжо ня будзе, бо гэта ўжо несанкцыянаванае мерапрыемства. Будзе а 13.30 аб’езд месцаў пахаваньняў. А ў 16.30, відаць, мы толькі ўскладаем кветкі і запальваем памінальныя сьвечкі па васьмі месцах пахаваньняў у Курапатах. Будзе ў фармаце, як мы праводзілі 29 чысло кожнага месяца – ускладаньне кветак, запальваньне сьвечак і мінута маўчаньня”.

Сустаршыня аргкамітэту пісьменьнік Васіль Якавенка патлумачыў сытуацыю зь мітынгам-рэквіемам ва ўрочышчы Курапаты: "Мы плянавалі так. Людзі зьбяруцца там, будзе часткова музыка, хор. Магчыма, будзе сьвятар і не адзін. Далей запальваньне сьвечак па асноўнай алеі, дарозе ў Курапаты, прамовы і мінута маўчаньня. За месяц да гэтай даты мы падалі заяўку ў Менгарвыканкам. Чакалі, што такая падзея і павінны даць дазвол. Літаральна за пяць дзён нам даслалі паперу, што яны ня могуць даць дазвол, бо не да іх трэба было зьвяртацца, а ў аблвыканкам, і месяц трымалі”.

З аблвыканкаму арганізатараў накіравалі ў райвыканкам, а райвыканкам таксама адмовіў.

Васіль Якавенка паведаміў, што ўлады не далі дазволу на ўсталяваньне каплічкі ля будынку былой унутранай вязьніцы НКУС , так званай ”амэрыканкі”, разьмешчанай у двары цяперашняга КДБ. У гэтай вязьніцы 70 год таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, былі расстраляныя каля 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
“Яшчэ мы закінулі адну вуду ў камітэт дзяржбясьпекі. Мы папрасілі іх дазволу 29 чысла, каб яны прапусьцілі да ўваходу ў турму-амэрыканку, і ўскласьці там кветкі, запаліць сьвечкі. І нават мы вызначылі групу, якая туды прыйдзе. Адказу няма. Мы іх паставілі ў тупік, ня ведаюць, што й адказаць. У нас за год адносіны з уладамі не палепшыліся, на вялікі жаль”.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў абвясьціў 2007-ы Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, а 29 кастрычніка — Днём памяці.

Аргкамітэт тлумачыць рашэньне тым, што сёлета спаўняецца 70 гадоў ад 1937 году — кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства