Раніцай у Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі Станіслава Кавалеўскага
Моладзевы актывіст разам з сябрам ішлі на заняткі ва ўніверсітэт, калі да іх пад'ехала міліцэйская машына. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што студэнты падобныя на рабаўнікоў, якія паўгадзіны таму зьдзейсьнілі злачынства, і даставілі іх ў пастарунак. Пры даглядзе рэчаў у Станіслава Кавалеўскага знайшлі ўлёткі сацыяльнага зьместу: "Улада абкрадае студэнтаў!"
У Ленінскім райаддзеле міліцыі Станіслава Кавалеўскага трымалі тры гадзіны. Пасьля складаньня міліцэйскіх рапартоў і пратаколу канфіскацыі друкаванай прадукцыі праз тры гадзіны актывіста адпусьцілі. Ці будзе складзены адміністратыўны пратакол па арт. 22.9 КаАП - "Парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", пакуль невядома, бо міліцыянты доўга раіліся, аднак рашэньне так і не прынялі.
Як паведаміў мясцовы праваабаронца Барыс Бухель супрацоўнік ідэалагічнага аддзелу правёў з актывістам "выхаваўчыю гутарку".
Станіслаў Кавалеўскі вучыцца на другім курсе гістарычнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Куляшова. Ён зьяўляецца кіраўніком моладзевай суполкі незалежнага прафсаюзу РЭП і рэдактарам магілёўскай студэнцкай газеты "БУМ" - "Бюлетэнь Універсітэтаў Магілёву".
У траўні гэтага году на савеце факультэту абмяркоўвалася пытаньне аб выключэньні Станіслава з універсітэту, нягледзячы на добрую вучобу, за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі супраць адмены ільготаў, якая адбылася ў Магілёве. 15 кастрычніка Станіслаў Кавалеўскі быў пакараны 3 суткамі арышту за дробнае хуліганства, а затрыманы напярэдадні Еўрапейскага марша 12 кастрычніка.