Невядомыя зьбілі 18-гадовага сына віцебскага апазіцыянера Яна Дзяржаўцава
Сябар КХП БНФ спадар Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на ягонага сына цалкам маглі здзейсьніць тыя, хто 15 жніўня даслаў яму ліст ад імя "Віцебскай філіі РНЕ" – прафашыстоўскай апрганізацыі " Русское Национальное Единство". – У лісьце, які прыйшоў на маю хатнюю адрэсу і які чамусьці пачынаўся зваротам "Мірон", былі такія словы: "Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем". І мой сын быў зьбіты літаральна праз паўтары гадзіны пасьля таго, як у Віцебску чарговы раз зьявіўся бел-чырвон-белы сьцяг – позна ўвечары 29-га кастрычніка. Тыя, хто зьбіваў, напалі ззаду, павалілі сына на зямлю, зьбілі, і сказалі перад тым, як зьбегчы: "Вось нарэшце мы цябе й злавілі!", – дзеліцца сваімі думкамі Ян Дзяржаўцаў. Ён не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары ліста зьвярнуліся да яго як да легендарнага Мірона – тае асобы, якая цягам апошніх год вывешвае бел-чырвон-белыя сьцягі ў Віцебску, пакідаючы цыдулкі са сваім подпісам. Дарэчы, лісты такога самага зьместу – з пагрозамі расправы і сьцвярджэньнем таго, што "Наш карны меч можа спасьцігнуць цябе ў любым месцы і ў любы час", атрымалі яшчэ трое віцебскіх актывістаў - распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда, Сягей Каваленка, а таксама старшыня абласной арганізацыі КХП БНФ Ян Таўпыга. Але спадар Дзяржаўцаў быў адзіны, хто падаў з гэтае нагоды скаргу ў раённую пракуратуру. Ён запатрабаваў, каб супраць тых, хто рассылае лісты ад імя незарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа. Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі. Аднак там вырашылі, што крымінальную справу заводзіць ня будуць. Яну Дзяржаўцаву адказалі так: "РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі, і таму сяброўства ў ёй даказаць немагчыма. А пагрозы ўвогуле адрасаваныя нейкаму "Мірону", таму ў грамадзяніна Яна Дзяржаўцава няма падстаў для хваляваньня". Апазыцыянэра гэтыя аргумэнты не пераканалі, і ён паскардзіўся вышэй – у абласную пракуратуру. Адказу адтуль Ян Дзяржаўцаў так і не атрымаў. Але ўжо рыхтуе наступную заяву, якую мяркуе даслаць сёньня разам з вынікамі судова-медычнай экспертызы. – Там напісана, што ў майго сына зафіксаваныя сьляды ад удараў, – распавядае Я.Дзяржаўцаў. – Крывападцёк у вобласьці левага вока і носа, паверхневая рана сьлізістай абалонкі верхняе губы, драпіна на левай кісьці, далоні, драпіна на правым перадплеччы". Калі ён прыйшоў дахаты зьбіты, у мяне адразу такая думка і ўзьнікла: раз я атрымаў ліст з пагрозамі, то вось фашыстоўцы з РНЕ ўжо й перайшлі ад пагрозаў да дзеяньняў. Юрыдычную дапамогу ў зносінах з міліцыянтамі да пракурорамі сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву прапанаваў праваабаронца Леанід Сьвецік. У ягонай практыцы гэта ўжо ня першы досьвед, калі з нагоды лістоў ад РНЕ даводзілася зьвяртацца з пракуратуру, міліцыю й нават КДБ: за апошнія паўтара гады падобныя лісты атрымлівалі старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залесская, рэдактар недзяржаўнай газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч. – Куды б мы не пісалі, крымінальнай справы не ўзбудзілі ні разу, – гаворыць Леанід Сьвецік. – Паўсюль адказвалі, што знайсьці аўтараў лістоў немагчыма, і ўвогуле РНЕ ў Віцебску нібыта няма. Цяпер зьбіты 18-гадовы хлопец. Нельга сказаць напэўна, што яго зьбілі РНЕ-шнікі. Але, мажліва, такога б не здарылася, каб да пагрозаў ад імя прафашыстоўскай арганізацыі міліцыя паставілася больш адказна і прынцыпова. Між іншым, ва ўсіх астатніх, хто атрымаў лісты з пагрозамі, таксама ёсьць сем"і, дзеці, і цяпер яны тым болей ня могуць пачувацца ў бясьпецы.