6 лістапада ў Шклове пачынаецца суд над палітвязьнем Зьмітрам Дашкевічам
6 лістапада ў шклоўскім судзе пачнуць разглядаць крымінальную справу палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, аднаго з лідэраў “Маладога фронту”. Зьмітра Дашкевіча абвінавачваюць у тым, што ён адмовіўся сьведчыць супраць сваіх паплечнікаў – актывістаў “Маладога фронту”. Цяпер Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне -- 1,5 гады калёніі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
На гэты раз моладзевага лідэра абвінавачваюць паводле артыкулу 402 Крымінальнага кодэксу Беларусі – “адмова альбо ўхіленьне сьведкі ці пацярпелага ад дачы паказаньняў”. Калі суд прызнае Зьмітра Дашкевіча вінаватым, то яму пагражае яшчэ шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі.
Грамадзянская ініцыятыва “Хрысьціянскі праваабарончы дом” заклікае ўсіх неабыякавых выказаць сваю падтрымку Зьмітру Дашкевічу і далучыцца да кампаніі салідарнасьці з палітвязьнем. Ініцыятыва прапаноўвае дасылаць поштай і праз e-mail лісты салідарнасьці ў раённы суд Шклову, а таксама тэлефанаваць туды і дасылаць факсы.
Прычынай распачатай другой крымінальнай справы стала тое, што Зьміцер Дашкевіч адмовіўся сьведчыць супраць свайго паплечніка Івана Шылы, актывіста “Маладога фронту” з Салігорску, які абвінавачваўся і быў асуджаны сёлета разам з іншымі маладафронтаўцамі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па гэтаму ж артыкулу адбывае пакараньне і сам Зьміцер Дашкевіч, які знаходзіцца пад вартай ад 15 верасьня 2006 году.
Зьмітру Дашкевічу 26 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Кушнеры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці, скончыў філялягічны факультэт Віленскага унівэрсытэту. У 2005 годзе быў абраны сустаршынём “Маладога фронту”, неаднаразова быў затрыманы і арыштаваны за удзел і арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту. Зьміцер Дашкевіч зьяўляецца эвангельскім хрысьціянінам.