Мiжнародны Iнстытут Прэсы (IPI), з сядзiбаю ў Вене (Аўстрыя), накiраваў учора лiст Аляксандру Лукашэнку, у якiм выказаў занепакоенне з нагоды арышта Паўла Мажэйкi.
У афiцыйным лiсце, падпiсаным дырэктарам IPI, Йоханам П. Фрытзам, адзначаецца, што пакаранне Мажэйкi – гэта чарговая атака ўлады на незалежныя медыi ў краiне падчас i пасля рэферэндума 17 кастрычнiка.
– Цягам гэтага часу пяць журналiстаў былi фiзiчна атакаваныя, некалькiх дэпартавалi, у той час як iншых не пускалi на прэс-канферэнцыi; больш за дзесяць газетаў былi часова закрытыя, – гаворыцца ў лiсце.
IPI у сваiм лiсце ў чарговы раз нагадаў Аляксандру Лукашэнку пра Артыкул 19 Усеагульнай Дэкларацыi Правоў Чалавека. IPI звярнуўся да Лукашэнкi з заклiкам “спынiць кампанiю пераследу незалежных сродкаў масавай iнфармацыi i стварыць у Беларусi ўмовы, якiя б дазвалялi журналiстам выконваць iх прафесiйны абавязак без анiякiх перашкодаў”.
Рыгор Кавальчук
pahonia.promedia.by