КДБ цікавіцца супрацоўнікамі дзіцячых садкоў
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі зацікавіліся, як бавіць вольны час выхавацелька аднаго з дзіцячых садкоў Рэчыцы. На гэтым тыдні псіхолага Таццяну Ласіцу выклікалі ў КДБ для нефармальнай размовы.
Паводле словаў Таццяны Ласіцы, у пачатку тыдня невядомы чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ, запрашаў яе на сустрэчу. Прадстаўніка дзяржбяспекі цікавілі акалічнасці ўдзелу псіхолага педагагічнай установы ў тыднёвай школе па правах чалавека для выкладчыкаў, што праходзіла летам ў Вільні. Таццяна Ласіца паведаміла, што ездзіла на вучобу ў Літву падчас адпачынку, у свой вольны час. На настойлівыя запрашэнні супрацоўніка КДБ яна адказала, што гатова прыйсці на сустрэчу толькі з адвакатам. Тады невядомы паабяцаў зайсці да псіхолага на працу, аднак, дадала жанчына, пакуль ніхто да яе не заходзіў.