Антысемітызму ў нас няма, толькі вандалы на могілках?
9 лістапада рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт" праводзіць акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню супраць фашызму, расізму і антысемітызму.
Як паведаміла БелаПАН старшыня камісіі па правах моладзі БХК Таццяна Гацура, цягам дня супрацоўнікі камітэта будуць раздаваць улёткі з інфармацыяй аб "Крыштальнай ночы". Такую назву атрымаў першы масавы габрэйскі пагром у Нямеччыне і Аўстрыі ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года.
Пры гэтым беларуская праваабаронца адзначыла, што ў Беларусі афіцыйна не адсочваецца колькасць прафашысцкіх арганізацый. Аднак, паводле яе слоў, апошнім часам пачасціліся акты вандалізму на габрэйскіх могілках. У сувязі з гэтым Таццяна Гацура нагадала, што летась быў апаганены помнік ахвярам Халакосту "Яма" ў Менску, пасля таго, як БХК правёў там акцыю, – былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя свечкі.
Нагадаем, па падбухторванні нацысцкіх улад за адну ноч сябрамі моладзевай арганізацыі "Гітлерюгенд" быў забіты 91 габрэй, сотні параненыя і пакалечаныя, тысячы падвергнуліся зневажанням і абразам, каля 20 тыс. – арыштаваныя і адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лагеры. У гэтую ноч былі спаленыя або разгромленыя 267 сінагог, 7,5 тыс. гандлёвых і камерцыйных прадпрыемстваў, сотні жылых дамоў габрэяў. Па планах нацысцкіх улад, канчатковай мэтай "Крыштальнай ночы" павінна было стаць знішчэнне ўсіх габрэяў.