Вынікі экспертызы Андруся Цянюты :хлопец адэкватны, адпавядае свайму ўзросту…
13 лістапада падчас чарговага допыту ў КДБ Андрусь Цянюта з адвакатам азнаёміліся з вынікамі псыхіятрычнай экспертызы, праведзенай яшчэ паўмесяцы назад.
“Вынікі аказаліся лепшымі, чым можна было чакаць, - кажа Андрусь, - мяне прызналі цалкам адэкватным, адпавядаючым свайму ўзросту. Дарэчы, да экспертызы была прымацаваная тая самая абсурдная характарыстыка маёй былой куратаркі, зараз да “шапкі-нябачніка” і майго жаданьня ехаць у Ірак ваяваць, дадалося тое, што я быццам бы “паразітаваў на чужых дасягненьнях, закрываў вушы на сэмінарах і выяўляў схільнасьць да агрэсіі”.
Новай позвы мне не далі, сказалі, што падумаюць яшчэ ці пераводзіць мяне ў стан абвінавачанага, ці падоўжыць справу яшчэ на месяц. Сумленна кажуча, я быў упэўнены, што сёньня мяне прызнаюць абвінавачаным. Бачыў я і сьведчаньні маіх знаёмых. Чатыры чалавекі, ад якіх я не чакаў, далі ілжывую інфармацыю Адзін зь іх – мой сусед, якога я ведаю з маленства. У яго былі праблемы з законам, мабыць на яго націснулі і ён абылгаў мяне. Але я не хвалююся, упэўнены, што справа скончыцца добра. Жыве Малады Фронт!”