У Полацку чарговае затрыманьне за графіці
Сёньня а 15 гадзіне моладзевая актывістка Кацярына Салаўёва мусіць зьявіцца ў міліцыю на допыт. Яе затрымалі асобы ў цывільным учора а 21-й гадзіне вечара ля будынку Полацкага гарвыканкаму пасьля таго, як яна напісала фарбай на гарвыканкамаўскай сьцяне лёзунг: “Нас не спыніць! МФ”.
Асобы ў цывільным павалілі дзяўчыну на зямлю і трымалі яе да той пары, пакуль не прыехала міліцэйская машына. Кацярына Салаўёва была дастаўлена ў пастарунак, дзе на яе быў складзены пратакол.
Каля 2-й гадзіны ночы Кацярына была адпушчаная дахаты. Пры гэтым у яе канфіскавалі нататнік з адрасамі і тэлефонамі, бел-чырвона-белы сьцяг і балёнчык з фарбаю. Сёньня а 15 гадзіне дзяўчына павінна прыйсьці ў міліцыю на допыт.
Два дні таму, таксама ля будынку Полацкага гарвыканкаму, затрымалі маладафронтаўца Алеся Круткіна, які спрабаваў напісаць на сьцяне палітычны лёзунг.
Паводле міліцэйскага пратаколу, спадар Круткін абвінавачваецца ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці і бліжэйшым часам атрымае позву ў суд.