viasna on patreon

«Свабода СМІ - бясспрэчная еўрапейская каштоўнасць»

2007 2007-11-27T12:24:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Замежныя ўдзельнікі X Міжнароднага Мінскага форума, які прайшоў 22-25 лістапада ў сталіцы, на просьбу прэс-службы БАЖ выказалі сваё бачанне сітуацыі са свабодай слова і незалежнымі мас-медыя ў Беларусі.

“Калі казаць пра палітыку Еўрапейскага Саюзу і магчымае збліжэнне Беларусі з ЕС, то неабходна акцэнтаваць увагу на тых каштоўнасцях, якія аб’ядноўваюць краін-удзельніц ЕС і іх найбліжэйшых суседзяў, – зазначыла дэпутат Бундэстагу (фракцыя Зялёныя/Саюз 90) Марылуіза Бек. – У дадзеным выпадку я маю на ўвазе не проста асноўныя правы чалавека, але і іх неад’емную частку – права на свабоднае выказванне і свабоду сродкаў масавай інфармацыі. Наколькі мне вядома, у Беларусі пакуль адсутнічае права свабодна выказвацца і паведамляць пра актуальныя падзеі, якія адбываюцца ў краіне”.

Як адзначыў прадстаўнік Германскага таварыства вывучэння Усходняй Еўропы, рэдактар часопіса “Усходняя Еўропа” Фолькер Вайхзэль, тэма свабоды прэсы ў Беларусі і ва Усходняй Еўропе ў цэлым мае вялікае значэнне для яго арганізацыі, якая ладзіць адмысловыя семінары і канферэнцыі па гэтай праблематыцы.
“Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з беларускім часопісам “ARCHE”, бо разам уваходзім у міжнародную сетку культурніцкіх часопісаў. Я ведаю сітуацыю з незалежнымі медыямі ў вашай краіне і ацэньваю яе як вельмі складаную, - падкрэсліў Фолькер Вайхзэль. – Гэта тычыцца не толькі друкаваных выданняў. У Беларусі ўвогуле пакуль не існуе незалежнага тэлебачання, а тое, што ёсць, адлюстроўвае толькі пункт гледжання кіруючай эліты”.

Рэдактар “Усходняй Еўропы” ведае, што беларускія выданні зведваюць цяжкасці з распаўсюдам і фінансавыя праблемы, з прычыны якіх наклады незалежных СМІ вельмі малыя. “Тэма свабоды СМІ ў Беларусі павінна стаць адным з галоўных пытанняў падчас перамоваў Еўрапейскага Саюзу і беларускага кіраўніцтва, калі тое хоча далучыцца да еўрапейскай палітыкі добрасуседства”, – перакананы Фолькер Вайхзэль.

Прадстаўнік Германскага таварыства знешняй палітыкі, палітолаг Аляксандр Рар заўважыў, што прадастаўленне магчымасці правесці сёлетні Мінскі форум і свабодна выказаццам на ім, магчыма, “ёсць спробай разбурыць барыкады”. “Вельмі цяжка параўноўваць беларускую “грамадзянскую супольнасць” з нямецкай, але варта памятаць, што і Нямеччына вельмі доўгі час ішла да дэмакратыі. Галоўнае, аднак, - каб журналісты як мага хутчэй адчулі, што жывуць і працуюць у свабодным цывілізаваным грамадстве, і што пры такіх умовах краіна зробіцца больш моцнай”, – упэўнены Аляксандр Рар.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства