868 чалавек на Гарадзеншчыне адпрацоўваюць дзяржаве за дзяцей
Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў асобы мусяць вяртаць выдаткі за ўтрыманьне дзяржавай сыноў і дачок, але на Гарадзеншчыне гэта робіць толькі кожны трыццаты. У вобласьці толькі сёлета пазбаўлены бацькоўскіх правоў 221 чалавек. Але жаданьня працаваць у іх няма, хаця адсоткаў семдзесят пяць уладкоўваюцца і так ці інакш ходзяць на працу, зазначылі нам у службе занятасьці. У абласной міліцыі ўдалося даведацца, што да пачатку гэтага году правоў пазбавілі 1437 бацькоў, агулам 1113 чалавек паставілі на ўлік ў цэнтрах занятасьці, а рэальна адпрацоўваюць за дзяцей 868 чалавек. Прычым 12 мужчын і 18 жанчын накіравалі ў лячэбна-працоўныя прафілякторыі, дзе яны таксама працуюць. Сумы запазычанасьці перад дзяржавай розныя. І яшчэ: ня ўсе пазбаўленыя правоў павінны абавязкова адпрацоўваць дзяржаве. Паколькі дзіця можа заставацца, напрыклад, з маці, а бацька — проста выплачваць алімэнты. Што датычыць большасьці, яна нават кніжак працоўных часта ня мае. У міліцыі зазначаюць: вельмі цяжка прымусіць чалавека працаваць, прычым працаваць практычна бясплатна. Чаму бясплатна? Таму што, калі, дапусьцім, двое ягоных дзяцей на ўтрыманьні дзяржавы, то пры заробку чатырыста тысяч, на рукі будзе атрымліваць зусім мала. Усё залежыць ад сумы запазычанасьці, але ў любым разе заробкі, як правіла, невысокія. Бо хто возьме некваліфікаванага чалавека на высокааплатную работу? А гэтыя людзі, калі ім плацяць па трыста тысяч, яны так і працуюць… Таму што рэальна ў канцы месяца будуць мець тысяч семдзесят, гавораць міліцыянты. І яшчэ адна цікавая лічба: цалкам вярнулі сваю запазычанасьць за дзяцей і цяпер аплачваюць іхняе бягучае ўтрыманьне ў інтэрнатах усяго 32 чалавекі. Астатнія 836 застаюцца перад дзяржавай у даўгах, як ў шаўках. Дарэчы, некаторых дзяцей забіраюць часова, каб мець час вырашыць: ці будзе гэтая сям’я іх даглядаць, ці сытуацыя цалкам ужо безвыходная і бацькі аказваюць на малых толькі негатыўны ўплыў.