Таццяна Клімава: «Лукашэнка можа вызваліць палітвязняў»
Уступіў у сілу закон "Аб амністыі". У выніку амністыі ад адбывання пакарання могуць быць вызваленыя каля 3 500 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення свабоды – 1 682.
Аднак сярод амніставаных, верагодней за ўсё, не будзе палітвязняў: былога кандыдата ў прэзідэнты краіны Аляксандра Казуліна, палітыка Андрэя Клімава, лідэраў «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава.
Па словах жонкі Андрэя Клімава Таццяны Леановіч, на гэтую амністыю яна і не разлічвала. «Па-першае, артыкул Андрэя выключаны з-пад дзеяння амністыі, а па-другое, для амніставання палітвязняў патрэбна палітычная воля кіраўніцтва краіны, якое па-ранейшаму адмаўляецца прызнаць, што ў Беларусі ёсць людзі, змешчаныя ў турме па палітычных матывах», – заявіла прэс-цэнтру Хартыі’97 Таццяна Леановіч.
Але, па словах Таццяны Леановіч, улады не спяшаюцца выявіць такую волю. «На якую амністыю можна разлічваць, калі перададзеная ў суд справа Артура Фінькевіча, а па артыкуле, па якім яго абвінавачваюць, прадугледжанае толькі пазбаўленне свабоды альбо апраўданне, але другі варыянт гучыць фантастычна. Для ўлад тут лепшы выхад – спыніць справу ў судовым парадку», – лічыць Таццяна Лявонавіч.
У гэтым звязку Таццяна Леановіч мяркуе, што яе муж, як і іншыя палітвязні, можа быць вызвалены толькі спецыяльным указам Лукашэнкі. У гэтым пытанні яна цалкам падтрымала меркаванне вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы. «Лукашэнка адправіў іх у турму, таму толькі Лукашэнка і можа вызваліць, а не чарговы закон аб амністыі», – гаворыць Таццяна Леановіч.
Заявы міністра МУС Уладзіміра Навумава пра тое, што ў наступным годзе магчымая чарговая амністыя, Таццяна Леановіч лічыць няслушнымі. «Навумаў казаў толькі пра магчымасць абмеркавання пытання аб падрыхтоўцы наступнай амністыі, таму чакаць такога закона варта не раней, чым праз 2-2,5 гады. Гэтыя заявы рабіліся для заспакаення грамадскай думкі. Справа ў тым, што цяперашні закон аб амністыі выклікаў вялікае расчараванне ў грамадстве.
Да таго, як яго адрэдагавалі ў Адміністрацыі прэзідэнта, ён быў значна больш дэмакратычным. У прыватнасці, шмат хто, у тым ліку і Андрэй, разлічвалі на скарачэнне тэрміна пакарання на год, а гэты пункт, як і шэраг артыкулаў, па якіх раней была магчымая амністыя, быў выдалены юрыстамі з адміністрацыі», – распавяла Таццяна Леановіч прэс-цэнтру Хартыі’97.
Нагадаем, згодна з законам амністыя ўпершыню будзе распаўсюджвацца толькі на дзве катэгорыі грамадзян. Першая – толькі ўжо асуджаныя грамадзяне (раней пад амністыю падпадалі таксама асобы, крымінальныя справы ў дачыненні якіх знаходзяцца ў вытворчасці). Другая – асобы, якія цалкам пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду, якая падлягае спагнання з іх па прысудзе, які ўступіў у сілу, або іншаму рашэнню суду.
Нагадаем таксама, што вызваленне ўсіх палітвязняў – галоўная ўмова Еўразвяза для нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Дарэчы, нядаўнія санкцыі ЗША супраць канцэрна «Белнафтахім» былі ўведзеныя найперш праз рэпрэсіі супраць апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і татальнага парушэння правоў чалавека.