Мастоўскага дэмакратычнага актывіста Алеся Зарэмбюка абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу і пагражаюць судом.
Мітынгам пракуратура Мастоў лічыць сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі райцэнтра 4 лістапада.
Алесь Зарэмбюк паведаміў Рацыі, што сёння яму патэлефанаваў старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку Мастоўскага РАУса Аляксандр Данільчык і прасіў прыйсці ў РАУС. Міліцыянт патлумачыў, што насіў тлумачальную Зарэмбюка ў пракуратуру, дзе загадалі скласці пратакол з далейшай перадачай у суд. Актывіста абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Алесь Зарэмбюк адмовіўся ісці ў РАУС без позвы.
Нагадаем, 4 снежня супрацоўнікі мастоўскай міліцыі па запыце пракуратуры правялі допыт сябра руху «За свабоду» Алеся Зарэмбюка адносна сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі горада. Пракуратура спрабавала даць прававую адзнаку дзеянням Мілінкевіча падчас сустрэчы. Тады Данільчык паведаміў Зарэмбюку пра тое, што, хутчэй за ўсё, у супрацоўнікаў праваахоўных органаў узнікне да яго шэраг пытанняў, бо ён актыўна займаецца палітычнай дзейнасцю.