Пракуратура вырашыла не ўзбуджаць крымінальную справу супраць Івана Шылы
Бацька моладзевага актывіста Івана Шылы наведаў пракуратуру. Па выніках праверкі было прынята рашэньне ня ўзбуджаць крымінальную справу супраць Івана. Аднак супрацоўнікі міліцыі яшчэ могуць абскардзіць гэтае рашэньне.
Нагадаем, што 7 лістапада лідэр салігорскіх маладафронтаўцаў прымаў удзел у акцыі "КАМУНІЗМ ПАД ТРЫБУНАЛ" на цэнтральнай плошчы гораду. Пад час акцыі было затрымана тры моладзевых актывіста, у тым ліку Іван Шыла. Супрацоўнікі міліцыі палічылі, што Іван пад час затрыманьня аказаў супраціў. З гэтае нагоды яны саставілі адпаведныя пратаколы і перадалі іх у пракуратуру для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Усе прысутныя пры затрыманьні абураліся, маўляў як можна супраціўляцца з заламанымі рукамі. Тым ня менш цягам месяцу пракуратура ладзіла праверку і ўстала на бок маладзёна.
Трэба адзначыць, што ў дачыненьні да іншых удзельнікаў акцыі таксама былі складзены пратаколы ўжо аб адміністратыўным правапарушэньні. Абапіраючыся на гэтыя пратаколы адміністратыўная камісія салігорскага гарвыканкаму наклала мільённыя штрафы на школьнікаў. Моладзь у сваю чаргу накіравала скаргі ў суд аб неправамернасьці прынятага камісіяй рашэньня і гатовыя дайсьці да Камісіі па парвох чалавека ААН.