Не – мітыгну ў Талачыне! Вырашаюць мясцовыя ўлады ўжо другі раз
Група грамадзянаў у гарадзе Талачын Віцебскай вобласьці ўжо другі раз падае да мясцовых ворганаў улады заяўку на правядзеньне акцыі пратэсту супраць бяспраўя, што адбываецца ў мясцовых праваахоўных ворганах. І другі раз гэта заяўка адхіляецца. У чым сутнасьць талачынскай справы? Паставіў перад сабой пытаньне менскі карэспандэнт Полькага радыё Янка Хамовіч. Горад Талачын ў Віцебскай вобласьці адносна невялікі. Звычайны беларускі правінцыйны цэнтар са сваімі турботамі ды парадкамі. Але талачынскія крымінальныя справы становяцца вядомымі цэлай рэспубліцы, дзякуючы непаваротлівасьці мясцовай міліцыі, якая гэтыя справы ня думае вырашаць, а людзі з гэтым ня хочуць мірыцца. Па ўсіх інстанцыях, ад пракуратуры мясцовай да генэральнай, не абмінаючы абласной, Надзея Салаўёва ходзіць толькі з адной думкай: „Я хачу знаць прайду пра свайго сына”. Трагедыя здарылася у ноч з 10 на 11 ліпеня на 19-м кіляметры аўтатрасы Талачын-Крупкі, калі 24- гадовы Дзмітры зьбіў чацьвярых дзяцей і сам таксама загінуў. Сьледчая справа не была доўгай: кіроўца, што вінаваты ў сьмерці дзяцей, таксама не жыве, таму да адказнасьці працягнуць няма каго. Але маюцца шматлікія факты, якія як быццам бы навідавоку, але яны сьледчымі не прымаюцца да ўвагі. Надзея Салаўёва: (пераклад з расейскай) Я папрасіла сьледчага, каб разабраліся ў гэтай сытуацыі. Калі людзі чулі стральбу, то павінна было нешта быць. Прыехалі. Адно кола дзеля адчэпкі яны зьнялі. Тапкі… Я кажу: “Гэта не Дзімавы тапкі. Праверце, удакладніце, чые гэта тапкі. Зрабіце нейкія аналізы”. А што яны нам могуць даць гэтыя тапкі? — адказалі міліцыянты. Адзін знаёмы распавёў, кажа, Надзя, ты ж мяне толькі не выдавай, яны нават з руля адбіткі пальцаў не зьнялі, а ўспомнілі толькі аб гэтым пазьней: вярнуцца гэта нам адбіткі браць, альбо й так зыйдзе. Каля 30 чалавек я прывезла на месца задарэньня, каб паказаць, дык усе дзівяцца: не магла аварыя так быць, што кіроўца загінуў, а людзі, што сядзелі побач не. Усе кажуць: павінен быў кіроўца быць цэлым, а сядзячыя побач згінуць. Адзін нават сказаў мне: “Як у казцы ў вас тут усё адбываецца”. Напэўна, цяпер навагодняя елка ў Любові Саўрыцкай будзе выклікаць толькі адмоўныя эмоцыі. Менавіта пад Новы год згінула пад коламі машыны яе дачка. А забойца – не пакараны. І парадокс: талачынскія міліцыянты ўжо год чакаюць Новага году, каб зноў на цэнтральным пляцы паставілі елку, і тады яны змогуць правесьці сьледчы экспэрымэнт, ці сапраўды навагодняя ілюмінацыя ды мішура замінала кіроўцу бачыць дарогу. Любоў Саўрыцкая: (пераклад з расейскай) У дзьверы патэлефанавалі, суседзкі хлопчык прыбег ды сказаў: “Вашу Таню зьбіла машына, але вы ня палохайцеся, там толькі царапінка”. Але калі я прыбегла да шпіталя, то яе ўжо завезьлі ў рэанімацыю, а там была чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджаныя шматлікія ўнутраныя ворганы. Вядома ж, машына праехала. Ды можа яшчэ галавою стукналася. Першую апэрацыю ёй рабілі гадзіны чатыры. А потым гадзіны празь дзьве сказалі, што трэба рабіць апэрацыю на галаве. А я пытаюся: А калі не рабіць? „Калі на галаве не рабіць, дык яна праз 20 хвілін памрэ”. Мы расьпісаліся: усё роўна: ці так, ці так… Зрабілі ёй другую апэрацыю, і яна памерла не прыходзячы ў сьвядомасьць. Пра расьледваньне мне ніхто нічога ня кажа. Людзі толькі гавораць, што, маўляў, і хабар нам далі, і тое далі, і гэта далі. Ніхто нічога мне не даваў. Ён нават не прыйшоў ды прабачэньня не папрасіў. Чалавек гуляе ды ўсьміхаецца. Дык да якой пары ён будзе хадзіць ды ўсьміхацца? Таіса Куляшова таксама хацела б ведаць, да якога дня будуць хадзіць ды ўсьміхацца забойцы яе сына. Яго мёртвым знайшлі ў гнойнай яме. Міліцыянты кажуць, што хлопец сам туды закапаўся, маці ня верыць і напэўна мае рацыю. Таіса Куляшова: (пераклад з расейскай) Ніхто гэтым не займаўся. Ніхто гэтым не займаўся па-сапраўднаму. І тады, калі яго не было, Жэнькі майго, калі шукалі, усе разводзілі рукамі, маўляў, зьехаў у Расею. Мы хадзілі кожны дзень туды, я тэлефанавала ў міліцыю – ніхто не хацеў шукаць. І калі знайшлі, мы пайшлі й пытаемся, хто будзе нашай справай займацца: ніхто… Як ніхто? Я кажу: “Вы бачылі, дзе ён быў і як ён ляжаў, ён жа быў закапаны?!!” Сьледчы мне адказвае: “А вы што сумняецеся, што ён сам закапаўся?” Калі б тут гной цёк, дык падумалі б што зацёк, на гэта ж час патрэбны. І не пасьпелі мы пахаваць, як яны пайшлі ў школу і ўжо кажуць: “Вось хлопец напіўся ды замерз”. А навошта ім было шукаць? У нас гэта ўжо ня першы выпадак быў. Мы не задаволены такой работай. Не задаволеныя. Ды гэта не работа…ніякая гэта не работа. І зараз я ім кажу, я ня веру ніводнаму іхняму слову. Яны падманвалі з самага пачатку, казалі што няма ў труперні халадзільных камэраў, што джынсы згнілі, што цела не было расьсечаным. А я маю сьведкаў, якія бачылі, што цела расьсечана. Тэлефону няма, які каштаваў 470 тысячаў. Куртка парваная. Былі ў яго грошы, ён атрымаў у той дзень заробак ды адпускныя. Людзі публічна сталі выказваць незадаволеннасьць дзеяньнямі праваахоўных ворганаў. На гэта старшыня Талачынскага райвыканкаму Аляксандар Марэйка сказаў, што яму нічога пра гэта не вядома. Аляксандар Марэйка: (пераклад з расейскай) Сакрэт. Ад людзей я ня чуў ніякіх выказваньняў. А адносна чаго? Давайце крыху больш падрабязна затрымаемся на кожным выпадку. Напэўна мне было б таксама вельмі непрыемна, калі б мой сын сёньня з-за неадэкватных сваіх паводзінаў ды ад пьянкі патрапіў у гной ды патануў у гэтым дзярме. Любы бацька хоча знайсьці любую прычыну, каб апраўдаць сваё дзіця. Нехта нешта там паламаў, некаму нешта выламалі і гэтак далей. Ёсьць толькі чуткі… Вы ў мяне пытаецеся, але я не павіне давяраць чуткам… Я чуткам не давяраю… Але людзі бачылі, як ён ішоў, бачылі ў якім стане ён быў. Ніхто ня ведаў нават куды гэты хлопец ішоў. Гэта толькі тады, калі ўжо знайшлі дык здагадаліся. Таксама пра тую, якую пераехалі. Я магу проста памыляцца ды дакладна не ўзгадаць. Але, здаецца, у дзьве альбо тры гадзіны ночы, ці гэта можна дзяўчыне маладой ляжаць на асфальце? Чаго яна ляжыць на асфальце? Калі там была вялікая колькасьць алькаголю ў крыві. Ну што тады пра гэта казаць… Але там ёсьць недапрацоўка з боку міліцыі, і тут людзі за гэта панесьлі адказнасьць. Трэба было потым зрабіць сьледчы экспэрымэнт. Экспэрымэнт не правялі. А ў нас на Новы год стаяла елка, а значыць, там шмат ілюмініцыі, і кіроўца даказвае, што ня бачыў. Сьледчы экспэрымэнт не правялі, і зараз справа пакінута да той пары, пакуль зноў прыйдзе Новы год і мы паставім елку. Казаў старшыня Талачынскага райвыконкаму Аляксандар Марэйка. Заяўка на правядзеньне мітынгу і ў першым, і ў другім выпадку была пададзена ад пэнсіянэркі Зоі Сьцяпанавай, бабулі 24- гадовага Дзьмітра, які зьбіў чацьвёра дзяцей і сам згінуў. Афіцыйныя прычыны адказу няма сэнсу тлумачыць. У мясцовых уладаў ёсьць іншае гуманнае ды чалавечнае тлумачэньне. Аляксандар Марэйка: (пераклад з расейскай) Напісала заяву аб тым, каб правесьці пратэстацыйны мітынг. Мы абмяркоўвалі. Я да сябе запрасіў усіх чальцоў райвыканкаму, пракурора ды начальніка Раённага аддзелу ўнутраных справаў. Кажу, а чым усё гэта скончыцца. Па-першае, калі бабуля сёньня выйдзе, стане на трыбуну і пачне даказваць, што адбылося тое, чаго не адбывалася: унука застрэлілі і ён прастрэлены ехаў ды пабіў дзяцей, то людзі могуць пачаць паводзіць сябе неадэкватна. І могуць прыйсьці сёньня і бацькі тых дзяцей, якія загінулі, і я вам скажу, што, калі прыйдуць людзі, калі мы згодзімся на мітынг, ня дай Бог, нешта здарыцца з гэтай старухай… ці з гэтай жанчынай. Прабачце, я няправільна кажу. Прабачце за набор такіх вось слоў. Гэта можа дрэнна для яе скончыцца. Яе закідаюць каменьнямі. Гэта ў лепшым выпадку. У той жа час Аляксандар Марэйка прагаварыўся, што прычыны адказу былі прыдуманыя штучна. Робім падсумаваньне: ні ў якім разе і ні пры якой нагодзе ў правінцыйным Талачыне не дазволяць правесьці акцыю пратэсту. Аляксандар Марэйка: (пераклад з расейскай) Сёньня чалавечае нельга праз закон правесьці, таму мы так і расьпісалі. Я ж не магу гэта прапусьціць афіцыйна толькі таму, што я па-чалавечаму так вось лягічна думаю. Вось скажыце, як гэта зрабіць? Да мяне прыйдуць, дапусьцім, людзі, якія добра ведаюць закон і скажуць, што гэта незаконна. Добра, што гэта Талачын, 12 тысячаў жыхароў, мы ведаем адзін аднаго, як аблупленыя. А калі гэта Менск, то давайце па закону. Сапраўды, спадар Марэйка, цытую Вас: “Давайце па закону”. Дадаю толькі: “Давайце жыць па закону”. І чаму Вы ды Вашыя падначаленыя гэтыя законы ў грош ня ставіце?