З 800 заявак на сацыяльныя пікеты ўлады пакуль ухвалілі толькі дзве
Толькі два пікеты з 800 на сённяшні дзень дазволілі мясцовыя ўлады – у Магілёве і Оршы.
Нагадаем, 16 снежня напярэдадні адмены ў Беларусі льготаў у краіне мусіць прайсці “хваля” сацыяльных пікетаў, якія арганізуюць актывісты і прыхільнікі апазіцыйных партый і арганізацый.
У Мінску з 140 заявак чыноўнікі “адфутболілі” ўсе. Не дазволілі праводзіць пікет нават на Бангалоры, бо там апазіцыянеры перашкаджалі б... пешаходам і транспартнаму руху.
Ёсць і арыгінальныя прычыны для адмоваў. Пра іх Еўрарадыё распавёў адзін з лідэраў Партыі камуністаў беларускай Валерый Ухналёў:
“У адным выпадку нам не дазваляюць, бо “будуць дрэнныя ўмовы надвор’я”. Ёсць такі адказ у Мінскім раёне. Ёсць адказ, што праспект Любімава тэрытарыяльна не знаходзіцца ў горадзе Мінску, таму Мінгарвыканкам паведамляе, што дазвол на правядзенне пікету ў гэтым месцы не ў яго кампетэнцыі…”
Тым не менш, паводле словаў Ухналёва, сацыяльныя акцыі адбудуцца па ўсёй Беларусі. Толькі ў Мінску 16 снежня мусяць прайсці больш за сотню пікетаў з раздачай улётак і газет.
Аднак лідэраў апазіцыі ў гэты дзень у сталіцы не будзе. Пра тое, куды яны з’едуць, расказвае Валерый Ухналёў:
“Мы ўчора на пасяджэнні прэзідыума Палітрады прынялі такую дамову, што лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў раз’едуцца па рэспубліцы. Паедуць у Магілёў, дзе ёсць дазвол на правядзенне пікетаў. Я паеду ў Гродна. Паедуць людзі ў Бабруйск, Віцебск, Оршу, Гомель”.