Ірына Макавецкая, уласны карэспандэнт "Народнай волі" па Гомельскай вобласці, можа быць прыцягнута да адміністратыўнай адказнасці за тое, што хацела прысутнічаць на адкрытым судовым паседжанні.
Ёй можа быць выстаўлена абвінавачанне ў непавазе да суда.
Слуханні адміністратыўнай справы, пра якую збіралася рыхтаваць матэрыял журналістка, распачаліся ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 2-га снежня ў 10.00. У самым пачатку паседжання старшыня суда Таццяна Адрыбец заявіла, што не дазваляе І. Макавецкай прысутнічаць у залі суда. Журналістка адмовілася выйсці, зазначыўшы, што будзе падпарадкоўвацца толькі законным патрабаванням. Тады суддзя выклікала нарад міліцыі, які даставіў І. Макавецкую ў Чыгуначны РАУС. Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" кіраўнік гомельскага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб`яднання "Прававая ініцыятыва" Леанід Судаленка.
Паводле Л. Судаленкі, пратакол, хутчэй за ўсё, будзе складзены па арт. 166 прым. КоАП - непавага да суда. За парушэнне гэтай нормы журналістцы можа пагражаць штраф да 10 базавых велічыняў альбо адміністратыўны арышт да 15 сутак.