На 6-га снежня прызначаны судовыя слуханні адміністратыўнай справы журналісткі Ірыны Макавецкай.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля склаў на І. Макавецкую пратакол аб парушэнні арт. 166-прым КоАП - непавага да суда. Журналістцы можа пагражаць штраф да 10 базавых велічыняў альбо адміністратыўны арышт да 15 сутак. Пра гэта паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Ірына Макавецкая, уласны карэспандэнт "Народнай волі" па Гомельскай вобласці, адмовілася выканаць патрабаванне старшыні суда Таццяны Адрыбец пакінуць залю адкрытага судовага паседжання. Суддзя выклікала нарад міліцыі, які даставіў І. Макавецкую ў РАУС Цэнтральнага раёна. Аднак міліцыя, склаўшы толькі пратакол аб адміністратыўным затрыманні журналісткі, зноў адвезла яе ў суд, дзе на яе ў выніку склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Юрысту, кіраўніку гомельскага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Прававая ініцыятыва" Леаніду Судаленку не дазволілі прысутнічаць пры складанні пратаколаў ні ў міліцыі, ні ў судзе.
Адміністратыўную справу І. Макавецкай перадалі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Слуханні маюць распачацца 6-га снежня ў 10.00.