viasna on patreon

Узду пазбавілі гарачага хлеба

2008 2008-01-10T12:15:37+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня на мітынгу прадпрымальнікаў у Менску будзе абараняць свае правы і Віктар Крываль з Узды. На ягоным лёзунгу надпіс: "Людзям цяжэй, чым у акупацыю".

Віктар Крываль – уладальнік "Мясной крамы" у райцэнтры Ўзда. Месьцічы не мінаюць яе, бо ўжо некалькі гадоў толькі тут акрамя іншых прадуктаў можна было купіць і гарачы менскі хлеб.

– Цяпер мая крама пад замком, – паведамляе прадпрымальнік, – у адпаведнасьці пункта 1.1 прэзыдэнцкага ўказу №760 я мушу звольніць трох наёмных прадаўцоў і перарэгістравацца зь ІП у так званы ПУП (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства). Лічу, што гэта несправядліва. Мне давядзецца наймаць бугальтара і касіра, карыстацца абавязковымі паслугамі банкаўскай інкасацыі, выконваць абавязковыя распараджэньні мясцовай улады на нарыхтоўку сена, паліва для калгасаў ды іншыя падобныя прымусы.

Са словаў Віктара Крываля, ён накіраваў пісьмовыя паведамленьні, што сышоў у чарговы адпачынак з 1 па 31 студзеня ў тры дзяржаўныя ўстановы – Узьдзенскі райвыканкам, мясцовы аддзел сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва і раённую інспэкцыю Міністэрства па падатках й зборах.

У дакумэнтах ёсьць арыгінальная прыпіска. Тлумачыць спадар Крываль:

– Заявіў, што вымушаны пайсьці ў адпачынак у сувязі з увядзеньнем ад 1-га студзеня антынароднага ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь №760. Дарэчы ні ў адной з трох дзяржаўных установаў чыноўнікі не аспрэчвалі такі запіс, зарэгістравалі заяву.

Відавочна,трэба паведаміць пра іншыя выпадкі прынцыповасьці Віктара Крываля. Гэта дазволіць зразумець, чаму слову антынародны ў заяве Віктара Крываля не пярэчылі чыноўнікі.

– Напрыканцы 2007 году сышоў тэрмін папярэдняй ліцэнзіі Ўздзенскага райвыканкаму на дазвол розьнічнага гандлю. Каб падоўжыць ліцэнзію, я загадзя зьвярнуўся ў розныя службы і, як гаворыцца, да апошняй кропкі выканаў іх патрабаваньні ў адпаведнасьці гандлёвых плошчаў існуючым строгім патрабаваньням. Да прыкладу, паліцы для хлеба не датыкаюцца да сьцяны, яны закрытыя шклом, сьвежыя буханкі не ляжаць адна на другой і г.д і т.п.

У верасьні 2007 году Віктар Крываль зьвяртаецца да галоўнага санітарнага ўрача раёна  Аляксандра Андросіка. Той пагаджаецца ўзгадніць асартымэнт тавараў у краме Віктара Крываля. Прачытаў урач сьпіс, выкрасьліў ў ім радок "хлеб і хлебабулачныя вырабы", зацьвердзіў сваё выпраўленьне пячаткай.

– Я раблю выгляд, што згодны з гэтым свавольствам урача Андросіка, забіраю падпісаны ім дакумэнт і ўжо ў сваім офісе хаваю ліцэнзію ў сэйфе. Паціраю рукі: пралічыўся пан Андросік! Ніводзін дзяржаўны дакумэнт у дачыненьні да розьнічнага гандлю не патрабуе асобнай ліцэнзіі на продаж хлеба!

І ўсё ж такі ціск на прадпрымальніка абрынуўся. Справа нават трапіла ў Менскі абласны гаспадарчы суд. Але й там выйграў спрэчку прадпрымальнік!

Усё ж гарачага менскага хлеба жыхары Ўзды пазбавіліся. Ад 1 студзеня, па прычынах пералічаных вышэй, "Мясцовая крама" зачыненая. Мясцовыя жыхары ўсхваляваныя. Пэнсіянэры, настаўнікі ды іншыя людзі спачуваюць Віктару Крывалю, кажуць:

– Для нас адмянілі льготы, а цяпер і вас "зарэзалі".

На мітынг у Менск Віктар Крываль змайстраваў лёзунг: "Людзям цяжэй, чым у акупацыю!"

– Напісаў гэта па пажаданьню вэтэранаў Андрэя Смаляка, Віктара Івашына, Людмілы Старажовай ды іншых, – гаворыць Віктар Крываль, – яны перажылі некалі акупацыю і крыўдуюць, што й цяпер над імі зьдзекуецца беларуская ўлада.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства