Актывісты Асамблеі Недзяржаўных Дэмакратычных Аб’яднаньняў прадставілі прапановы да зьменаў заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях у Беларусі.
Пра гэта паведаміў сайт Асамблеі Недзяржаўных Дэмакратычных Аб’яднаньняў.
Пакет прапановаў, што выносяцца на абмеркаваньне грамадзкасьці. Далей гэтыя прапановы стануць падмуркам для салідарных патрабаваньняў беларускага трэцяга сэктару аб зьменах заканадаўства.
“Гэта яшчэ адна спроба зрабіць права на аб’яднаньне не дэкляратыўным, а рэальным правам грамадзянаў”, - адзначыла Алена Танкачова, старшыня забароненага “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў”, актыўная ўдзельніца кампаніі "Наша салідарнасьць", укладальніца прэзэнтаванага Пакету.
Паводле яе словаў, сёньня, напярэдадні зацьвярджэньня новай рэдакцыі Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, той самы час, калі грамадзкія арганізацыі мусяць выступіць з агульнай пазыцыяй адносна новага закону.
“Міністэрствам юстыцыі да абмеркаваньня новай рэдакцыі Закону пра грамадзкія аб’яднаньні запрошаныя прадстаўнікі толькі блізу 50 “добранадзейных” грамадзкіх арганізацыяў. На нашую думку, яны прадстаўляюць далёка ня ўсе плыні айчыннага грамадзянскага сэктару. Каб не даць нагоду Міністэрству юстыцыі казаць, што ніхто апроч запрошаных арганізацыяў наконт закону не выказаўся, мы мусім выпрацаваць свае прапановы і лябіяваць іх прыняцьцё”, - сказаў Юры Чавусаў, каардынатар Сыстэмы калектыўнай абароны НДА.
У ліку выказаных сёньня вымогаў да заканадаўства былі названыя такія, як скасаваньне забароны на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыў, скасаваньне забароны на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу па месцы жыхарства ініцыятараў стварэньня арганізацыі. Асобны акцэнт выступоўцы зрабілі на патрабаваньні аб выключэньні зь ліку рэгістрацыйных органаў сумнавядомай Камісіі па рэгістрацыі і перарэгістарцыі грамадзкіх аб’яднаньняў. З іх словаў, згаданая інстанцыя зьяўляецца асноўнай перашкодай у працэсе рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў. Спн. Танкачова перакананая, што скасаваньне гэтай камісіі вярне рэгістрацыю грамадзкіх арганізацыяў у нармальнае рэчышча, пераўтворыць яе з палітычнай у прававую працэдуру.
Пакет прапановаў разасланы для абмеркаваньня арганізацыям-сябрам Асамблеі, а таксама тым, хто папярэдне выявіў зацікаўленасьць у такой інфармацыі. Абмеркаваньне дакумэнту мае доўжыцца цягам двух месяцаў, пасьля чаго арганізатары прэзэнтуюць канчатковы варынт прапановаў, і распавядуць, якімі шляхамі грамадзкія арганізацыі будуць дамагацца выкананьня сваіх патрабаваньняў.
http://belngo.info