Беларускія прадпрымальнікі супраць Лукашэнкі
Масавыя пратэсты прадпрымальнікаў супраць указаў Лукашэнкі, якія знішчаюць іх бізнэс, прайшлі 10 студзеня ў Менску. Больш за дзве тысячы чалавек спачатку выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, а пасля паспрабавалі прарвацца да Адміністрацыі прэзідэнта. Супраць людзей кінулі сотню амапаўцаў і браняваныя МАЗы, якія перагарадзілі праход да будынка адміністрацыі. Тады рашуча настроеныя мітынгоўцы пайшлі па падарожнай частцы праспекта Незалежнасці да Дому ўрада. Улады настолькі спалохаліся масавых пратэстаў, што напярэдадні заблакавалі апазіцыйныя Інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку сайт Хартыі’97, якія маглі паведамляць пра ход падзей у сталіцы ў рэжыме он-лайн.
Прадпрымальнікі пачалі пратэставаць а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менска. Сабралася блізу 3000 тысяч чалавек. Яны занялі свабодную ад лёдавай коўзанкі частку плошчы. Шматлікія прадпрымальніцкія лідэры не змаглі прыйсці на плошчу – Віктар Крываль, Віктар Гарбачоў, Алег Шабетнік і Аляксандр Цацура былі затрыманыя напярэдадні.
Падтрымаць прадпрымальнікаў на плошчу прыйшлі палітыкі: лідэр Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Мікола Статкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч, лідэр ПКБ Сяргей Калякін, а таксама актывісты моладзевых рухаў.
Як толькі людзей на Кастрычніцкай плошчы стала станавіцца больш і больш, да прысутных пад'ехаў грузавік з гучнагаварыцелем. Міліцыянты сталі пагражаць прадпрымальнікам ужываннем сілы і спецсродкаў, у выпадку, калі яны не разыйдуцца. У адказ міліцыянты пачулі свіст і крыкі "Ганьба!", "Свабоду!", "Працу!".
Тады міліцыянты сталі чытаць іншы тэкст: маўляў, сфармуйце групу кандыдатаў з 6 чалавек, якія пойдуць на перамовы ў адміністрацыю прэзідэнта, а ўсе астатнія хай расходзяцца. З гэтым прадпрымальнікі таксама не пагадзіліся. Праз нейкі час у адміністрацыю ўсё-ткі адправіўся лідэр грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка і яшчэ некалькі чалавек. Удзельнікі акцыі засталіся стаяць на плошчы.
На працягу паўтары гадзіны на плошчы праходзіў мітынг. Лідэры і актывісты прадпрымальніцкага руху, якія на ім выступалі, падкрэслілі, што ўлады мэтанакіравана знішчаюць малы бізнэс, але прадпрымальнікам адыходзіць няма куды, бо гэта пазбаўляе іх і іх сям'і кавалка хлеба, таму яны маюць намер змагацца за свае правы.
Падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы былі разгорнутыя бел-чырвона-белыя нацыянальныя сцягі і транспаранты "Хочам жыць па законах, а не па ўказах", "Бацька, ты сыноў сваіх працаўладкаваў, а мы сваіх прадаўцоў выгналі як сабак па тваім указе!", "Хопіць рабаваць наш народ, не – адмене ільгот!".
У нейкі момант міліцыянт паспрабаваў адабраць нацыянальны сцяг у маладога чалавека, але яму не дазволілі гэта зрабіць. "Праваахоўнік” быў змушаны адступіць.
Тым часам, на коўзанцы з'явіліся дзіўныя людзі ў цывільным, якія вельмі нагадвалі пераапранутых міліцыянтаў. Яны каталіся на каньках пад музыку ў стылю "шансон", якая разносіцца з узмацняльнікаў, некаторыя з іх трымалі ў руках вялікія сцягі БРСМ. Аднак доўга пакатацца ў іх не атрымалася, бо на коўзанку выйшла моладзь з бел-чырвона-белым сцягам і пад лозунг "Жыве Беларусь" пацясніла "фігурыстаў" у цывільным.
Да 14.00 прадпрымальнікі стаміліся чакаць і вырашылі самі накіравацца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Па перыметру плошчы неадкладна выставілі дзесяткі супрацоўнікаў ДАІ, якія павінны былі перагарадзіць праход пратэстантаў праз падарожную частку. Аднак частцы людзей атрымалася прарвацца праз даішнікаў і, перакрыўшы рух па падарожнай частцы, зрушыцца ў бок адміністрацыі. Аднак астатнія пратэстанты былі заблакаваныя даішнікамі на Кастрычніцкай плошчы. У выніку дэманстранты перакрылі рух па праспекце Незалежнасці: яны стаялі на падарожнай частцы і патрабавалі прапусціць да іх астатніх удзельнікаў мітынгу. Супрацьстаянне з даішнікамі цягнулася прыкладна 15 хвілін. На праспекце назапасіліся сотні аўтамабіляў. У гэты час на вуліцу Энгельса, якая ідзе да Адміністрацыі прэзідэнта, прыбылі каля сотні супрацоўнікаў АМАПа і два браняваныя МАЗы. Яны перагарадзілі вуліцу і сталі пагражаць, што, калі людзі не разыйдуцца праз 10 хвілін, супраць іх будзе ўжытая фізічная сіла. І цынічна пачалі адваротны адлік: "10 хвілін, 9 хвілін…".
Тады калонна пратэстуючых звярнула на праспект Незалежнасці, каб пайсці да Дому ўрада. Яны рашуча выйшлі на падарожную частку, нягледзячы на пратэсты з боку даішнікаў. Увесь шлях – ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці – людзі прайшлі па падарожнай частцы, увесь час скандуючы "Свабоду!", "Працу!". Пратэстанты занялі чатыры паласы падарожнай часткі. Кіроўцы, аўтамабіляў, якія рухаліся насустрач, сігналілі ў знак падтрымкі, махалі рукамі. Пратэстанты ў адказ клікалі мінакоў далучацца да калонны пратэстуючых. Шмат хто так і рабіў: збочвалі з раней абранага шляху і ішлі следам за тымі, хто не спалохаўся і выйшаў абараняць свае правы.
У раёне плошчы Незалежнасці даішнікі паспрабавалі зноў перакрыць рух, аднак беспаспяхова – людзі ўсё роўна прайшлі па падарожнай частцы. Перад будынкам урада яны пачалі скандаваць: "Свабоду!", "Працу!" і выклікаць прэм'ер-міністра на перамовы, выкрыкваючы хорам прозвішча прэм'ера "Сідорскі!".
На плошчы Незалежнасці перад прысутнымі выступіў Анатоль Шумчанка, які вярнуўся пасля перамоваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Ён паведаміў, што перамовы праваліліся. Улады заявілі, што ні на якія саступкі прадпрымальнікам ісці не маюць намеру. Ні адмены, ні прыпынення дзеяння дыскрымінацыйнага ўказу №760 не будзе. На так званых перамовах з боку ўлад гучалі толькі пагрозы і запалохванні.
Пасля выступу да А.Шумчанкі падышоў палкоўнік міліцыі, які не прадставіўся, і заявіў, што ўсе арганізатары акцыі, у тым ліку і Шумчанка, будуць арыштаваныя.
Прыкладна каля 1000 прадпрымальнікаў працягвалі перакрываць рух на праспекце Незалежнасці да 17.00. Яны гераічна стаялі на плошчы Незалежнасці і давалі рух толькі машынам "хуткай дапамогі". Яны патрабавалі, каб улады іх пачулі. Але тыя засталіся глухімі. Прынятае рашэнне, што наступным разам прадпрымальнікі выйдуць на плошчу 21 студзеня.