Яраслава Грышчэню не выпускаюць за мяжу
Стала вядома імя другога афіцыйна невыязднога з палітычных прычынаў грамадзяніна Беларусі – гэта маладафронтавец Яраслаў Грышчэня, кіраўнік баранавіцкай філіі Маладога Фронту.
Днямі Яраслаў атрымаў паведамленьне аб тым, што яму забаронена пакідаць межы краіны, без тлумачэння прычынаў. “Гэта проста ізаляцыя прадстаўнікоў беларускай апазіцыі”, - кажа Яраслаў.
Па словах актывіста, у якога ўжо сарвалося некалькі важных сустрэчаў, зьвязаных з сваёй палітычный дзейнасьцю, ён будзе падаваць скаргу й высьвятляць прычыны адмовы. “Бо ніякіх законных падстаў у іх няма, - тлумачыць Яраслаў, - штрафы ў мяне ўсе аплочаны, а працэс па крымінальнай справе даўно скончыўся. Гэта проста помста”.
У першыя дні новага году лідэр АГП Анатоль Лябедзька атрымаў такую ж пастанову з афіцыйным паведамленьнем аб забароне пакідаць межы Беларусі, а ў мінулы чацьвер грамадзкі актывіст і незалежны журналіст Барыс Гарэцкі быў зьняты з цягніка, калі накіроўваўся на сэмінар па інтэрнэт-журналістыцы ў Кіеў.