Пракуратура папярэдзіла актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Пракуратура Ленінскага раёну Горадні афіцыйна папярэдзіла старшыню менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марыну Багдановіч. Прычынай стаў выступ спадарыні Багдановіч як кандыдата ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» на Гарадзенскім абласным радыё.
Пракуратура лічыць, што ў сваім выступе Марына Багдановіч дапусьціла паклёп на кіраўніка дзяржавы. Пракуроры ўбачылі прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 367 Крымінальнага кодэксу, у словах Марыны Багдановіч пра магчымую датычнасьць прэзыдэнта да продажу няўлічанай бюджэтам зброі й разьмеркаваньня сродкаў, атрыманых ад гэтых угодаў.
Пракурор Ленінскага раёну Горадні папярэдзіў яе аб недапушчальнасьці парушэньняў і патлумачыў, што ў выпадку іх паўтору Марына Багдановіч будзе прыцягнутая да адказнасьці.
Падобныя праверкі пракуратурай у Менску таксама праводзяцца ў адносінах да кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі Алега Воўчка і Аляксандра Цынкевіча. Рашэньне ў іх справе павінна быць вынесенае пасьля 2 сакавіка, паведамляе «Радыё Свабода».