viasna on patreon

Жалезьнічэнку і Салаўёву паўторна адлічылі

2008 2008-01-23T12:45:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brtlulxolkedz4isdik90z6tvn495x-org.jpg
Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер Жалезьнічэнка

У выніку, Зьміцера Жалезьнічэнку праз два дні забіраюць у войска — зараз ён шукае ў Сеціве інфармацыю пра сваю частку. А­ Кася Салаўёва лічыць, «што гвалтоўна мілым ня будзеш», і працягваць змагацца за навучаньне не зьбіраецца.

У тым, што студэнтаў з актыўнай грамадзкай пазыцыяй, выключаных «за парушэньне правілаў унутранага распарадку» і «за немэтазгоднасьцю далейшага навучаньня», усё ж аднавілі, хтосьці бачыў цуд, хтосьці — зьмякчэньне дзяржаўнай палітыкі. Тлумачылася тое і актыўнай падтрымкай грамадзкасьці і СМІ. Але ў абодвух, здавалася, незалежных выпадках, студэнтаў адлічылі.

«Галоўнае, каб у войску не казыталі, а астаняе вытрымаю»

Справа Зьміцера Жалезьнічэнкі ўжо цягне на які дэтэктыў. Хаця, на жаль, тут ужо ўсё ясна: бліжэйшыя паўтары гады ён будзе абараняць беларускую чыгунку ў горадзе Жлобіне — у частцы нумар 83469.

Пасьля чатырох месяцаў змаганьня, Жалезьнічэнку рашэньнем суда ўсё ж аднавілі на трэці курс матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ­ўнівэрсытэту. Каб праз тыдзень выключыць ізноў. А на наступны дзень прызваць у войска.

Выдатнік Зьміцер Жалезьнічэнка да таго ж — гомельскі грамадзкі актывіст, маршалак маладзёвай краязнаўчай арганізацыі «Талака», намесьнік старшыні Гомельскай арганізацыі «Моладзі БНФ», сябра Партыі БНФ — быў адлічаны за «за сыстэматычнае парушэньне правіл унутранага распарадку». Такое тлумачэньне загаду на адлічэньне Зьміцера не задаволіла.

Сваю правату ён даказваў у судох. Падчас справы Жалезьнічэнка быў затрыманы па падазрэньні ў згвалтаваньні. Пасьля абвінавачваньні былі зьнятыя, але Зьміцеру ўсё роўна далі восем сутак за «парушэньне грамадзкага парадку».

Гэта і стала падставай для паўторнага выключэньня ўсё за тое ж «сыстэматычнае парушэньне правіл унутранага распарадку».

Таксама Жалезьнічэнка быў незадаволены дзеяньнямі прафсаюзу студэнтаў, які быў зусім незацікаўленым у пазыцыі студэнта. Той жа самы прафсаюз учора прагаласаваў за паўторнае адлічэньні Зьміцера. Праўда, зь лікам сем-пяць.

Каля пятай вечара Зьміцер зрабіў допіс у сваім ЖЖ пра вынікі сёньняшняга паходу ў ваенкамат. Нават такі вынік, які, як варыянт, усё ж Зьміцерам разглядаўся, не пазбавіў яго імпэту і аптымізму:

«Я яшчэ з унівэрам ня скончыў, таму схаджу ў войска ды хуценька вярнуся. Я пачаў рыхтавацца да другога адлічэньня яшчэ падчас абскарджваньня першага. У нас усё нарыхтавана:)»

Усё ж стала цікава, ці баіцца сапраўды Зьміцер чаго. Прызнаўся, што баіцца казытаньня. Але і гэта знаходзіць ня самым страшным:

«Самае страшнае, калі гэтыя ПТВшнікі будуць кожны дзень прасіць ім крыжаванкі разгадаць. Казытаць усё-ж такі ня будуць, спадзяюся. Павінны ж нейкія маральныя прынцыпы быць».

«Яны згубілі — хтосьці знойдзе»

Ягонай упартасьці не падзяляе двойчы адлічаная студэнтка — Кася Салаўёва. Яна вырашыла не змагацца далей за месца навучаньня ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце.

Кацярыну Салаўёву адлічылі з другога курсу гісторыка-філялагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту «за немэтазгоднасьцю далейшага навучаньня». На той час дзяўчына праходзіла падазронай па трох крымінальных справах — дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, абраза дзяржаўнай сымболікі і нанясеньне графіці.

Пасьля таго, як Кацярыне паведамілі аб адлічэньні, яна адправілася дахаты. Салаўёва не выключала, што будзе дамагацца аднаўленьня на вучобе праз суд. Аднак да гэтага не дайшло: праз два дні студэнтку выклікаў да сябе рэктар — і паведаміў аб аднаўленьні.

Але ў выніку Кацярына не дапушчаная да зімовай сэсіі, таму што не здала залік па краязнаўстве:

«Здача заліку супала з судом. Гэта залічылі як першую спробу. Тое, што ў мяне была даведка з суда, нікога не цікавіла.»

Другі раз Кася пісала тэст, вынікаў якога ня бачыла. Залік Салаўёва здавала на ангельскай катэдры — той самай, якая палічыла раней, што Касі ня варта працягваць навучаньне:

«Раней мне казалі, што ў мяне ёсьць здольнасьці да моваў. Калі ім не патрэбныя такія студэнты, ну што ж? Гвалтам мілым ня будзеш. Хай вучаць тых, хто ў іх ёсьць. Мне ўжо ўсё роўна, ня буду змагацца. Відаць, так ужо яны не хацелі, каб я там вучылася. Хаця, бачыла, што ім шкада, бо неблагая ж была студэнтка. Але непатрэбныя ім праблемы. Гвалтоўна навязвацца — ня мой варыянт.»

Кася не зьбіраецца саступаць са сваёй грамадзкай пазыцыі, а навучаньне, хутчэй за ўсё працягне ў Смаленску, на завочным аддзяленьні. Магчыма, гэта будзе сацыялёгія.

«Я ведала, што так будзе. Што знойдуць, да чаго прычапіцца. Калі ня знойдуць — зробяць. Яны згубілі — хтосьці знойдзе,» — верыць Кася ў тое, што ўсё, што ні робіцца — да лепшага.

Кася Салаўёва

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства