viasna on patreon

КДБ цікавіцца замежнымі канфэрэнцыямі

2008 2008-01-23T14:14:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

КДБ выклікала на гутарку Вольгу Лісаковіч, якая ўдзельнічала ў жаночай канфэрэнцыі ў Вільні. Супрацоўніка КДБ Аляксандра Вецяневіча цікавіць, хто арганізаваў канфэрэнцыю, склад яе ўдзельнікаў і якія абмяркоўваліся пытаньні. Гэта ня першы выпадак, калі супрацоўнікі КДБ просяць інфармацыю пра тое, ці іншае мерапрыемства, якое адбываецца за межамі краіны. Вольга Лісаковіч паведаміла “Свабодзе”, што супрацоўнік КДБ, які паказаў ёй пасьведчаньне на імя Аляксандра Вецяневіча, сам уручыў ёй позву ў КДБ на 23 студзеня.  Вольга працуе юрысконсультам у прыватнай фірме. У мінулым месяцы яе запрасілі ў Літву на жаночую канфэрэнцыю, у якой удзельнічалі каля 30 жанчын з Беларусі. На канфэрэнцыі абмяркоўваліся розныя пытаньні – ад ролі жанчыны ў грамадзтве да прафіляктыкі рака малочнай залозы.  Вольга апавяла, што на пачатку студзеня да яе на працу прыйшоў супрацоўнік КДБ і прапанаваў даць інфармацыю пра тое, хто арганізаваў канфэрэнцыю, пра што гаварылі ў часе абмеркаваньня таго ці іншага пытаньня і г.д. Вольга тады адмовілася размаўляць і прапанавала супрацоўніку КДБ даслаць ёй афіцыйную позву, калі, ня ягоную думку, зь яе боку ёсьць нейкае парушэньне заканадаўства.  Учора ён зноў прыйшоў да яе на працу і ўручыў позву.  Гаворыць Вольга Лісаковіч: “Я лічу, што КДБ, беларускія спэцслужбы цікавіць тое, што адбываецца за мяжой – сэмінары і канфэрэнцыі, якія адбываюцца за межамі нашай краіны, таму што самі яны невыязныя. Іх цікавіць, што кажуць людзі, пра што вядуць размовы, якія праблемы ўздымаюць, якія маюць меркаваньні на той ці іншы конт”.  Вольга апавяла, што лічыла супрацоўнікаў КДБ больш прафэсійнымі. “Я, як юрыст, заўжды думала, што ў КДБ працуюць прафэсійныя людзі, якія прафэсійна займаюцца сваёй справай. Але той факт, што чалавек папросту прыйшоў да мяне на працу, пачаў задаваць нейкія пытаньні, абсалютна не кіруючыся заканадаўствам і Канстытуцыяй...” Гэта ня першы выпадак, калі супрацоўнікі КДБ цікавяцца канфэрэнцыямі і сэмінарамі, якія адбываліся за межамі Беларусі. Моладзевую актывістку партыі БНФ Аляксандру Клімовіч наведалі ва ўнівэрсытэце. Супрацоўнік КДБ прасіў назваць, чаму былі прысьвечаныя сэмінары ў Швэцыі, Польшчы, Літве і Ўкраіне.  Насту Александровіч таксама наведвалі службоўцы і прасілі дакладна распавесьці пра мэту замежных паездак.  У сфэру інтарэсаў спэцслужбаў усё часьцей трапляюць маладзёны, якія ўдзельнічаюць у моладзевых канфэрэнцыях і сэмінарах за межамі краіны. Спробы правесьці сэмінары на тэрыторыі Беларусі, на практыцы азначаюць затрыманьні і арышты за нібыта несанкцыянаваны сход. Летась некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат затрымалі толькі за тое, што яны арганізавалі летнік на лясной паляне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства