Рабочыя патрабуюць звальнення дырэктара
Шэсцьдзесят iнвалiдаў па зроку, якiя працуюць на гомельскiм прыватным унiтарным прадпрыемстве "Святлатэхнiка", падпiсалiся пад адозвай да прэзiдэнта Беларусi з просьбай аб змене дырэктара прадпрыемства.
Як заявiў у iнтэрв'ю БелаПАН слесар механазборачных работ зборачнага цэха ПУП "Святлатэхнiка" Вiталь Краўчанка, нездавальненне рабочых сваiм кiраўнiком абумоўлена шэрагам прычын. "У нас цэхi працуюць вельмi нестабiльна, часта прастойваюць. Раней мы за вымушаны прастой атрымлiвалi зарплату — дзве трэцi тарыфнай стаўкi, што давала ў суме прыблiзна 4 тысячы рублёў у дзень. Але цяпер дырэктар загадаў усiм выходзiць на працу — калi работы нiякай няма, проста сядзець у цэху з 8.00 да 14.00. Вось i сядзiм — вядзём гутаркi, ходзiм па цэху, гуляем у шахматы. Хiба гэта нармальная сiтуацыя? Да прыкладу, мне на працу трэба дабiрацца прыкладна гадзiну, столькi ж назад — для таго, каб пасядзець у цэху. Раней хоць аўтобус рабочы вазiў нас, а цяпер трэба самому дабiрацца", — сказаў В.Краўчанка.
Паводле яго слоў, рабочыя таксама не задаволены нiзкай зарплатай. "Стаўленне кiраўнiцтва прадпрыемства да нас, iнвалiдаў па зроку, не вельмi добрае. Ствараецца ўражанне, што нас проста церпяць на заводзе, каб атрымлiваць дзяржаўныя льготы за тое, што iнвалiды працаўладкаваныя. Мы звярталiся да кiраўнiцтва i наконт таго, што шмат часу, з 1970-х гадоў, не ўдасканальваецца абсталяванне, а начальства на гэта адказвае, што ў мадэрнiзацыi абсталявання няма сэнсу, бо "вы, iнвалiды, усё кепска робiце i вырабляеце брак", — падзялiўся рабочы.
Дырэктар ПУП "Святлатэхнiка" Васiль Салановiч у сваю чаргу падкрэслiў, што iнспекцыя па працы, якая праводзiла праверку на прадпрыемстве, палiчыла парушэннем тое, што падчас прастояў рабочыя не знаходзяцца на сваiх месцах. "А я нясу адказнасць за рабочых, — зазначыў ён. — Цi мала што з iмi здарыцца ў працоўны час, i гэта будзе расцэнена як траўма на прадпрыемстве. Таму толькi з гэтых меркаванняў усе павiнны знаходзiцца на працоўных месцах".
Гаворачы пра адозву iнвалiдаў па зроку да кiраўнiка дзяржавы, В.Салановiч зазначыў: "Многiя людзi не задаволены чымсьцi або кiмсьцi. Можа, начальнiк цэха або дырэктар штосьцi не тое сказаў. Кожны мае права пiсаць, у нас свабодная дзяржава. Калi ў рабочых ёсць законныя нейкiя патрабаваннi, яны будуць разгледжаны".