Аляксандар Зьдзьвіжкоў абскардзіў прысуд
Былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў абскардзіў прысуд, паводле якога яго за публікацыю карыкатур на прарока Мухамэда пакаралі трыма гадамі зьняволеньня.
Адвакатка журналіста Мая Аляксандрава паведаміла, што прысуд журналісту абскарджаны. “З прысудам мы нязгодныя і просім яго адмяніць. Больш падрабязна пра нашыя аргумэнты паведаміць не магу, бо працэс быў закрыты”, — сказала адвакатка для Радыё Свабода. Паводле зьвестак Маі Аляксандравай, скаргу Аляксандра Зьдзьвіжкова Вярхоўны суд разгледзіць у другой палове лютага, дакладны час яшчэ ня вызначаны.
Нагадаю, 18 студзеня Менскі гарадзкі суд пакараў былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова трыма гадамі зьняволеньня за публікацыю ў лютым 2006 году карыкатур на прарока Мухамэда, узятых з інтэрнэту. У гэтым учынку журналіста суд убачыў распальваньне рэлігійнай варожасьці праз злоўжываньне службовым становішчам.
У якіх умовах утрымліваюць Аляксандра Зьдзьвіжкова? Адвакатка Мая Аляксандрава паведаміла, што днямі яе падабароннага перавялі з ізалятару КДБ, дзе яго трымалі болей за два месяцы, у сьледчы ізалятар МУС на вуліцы Валадарскага. Вось як адвакатка патлумачыла прычыны пераводу:
“Таму што там вялося сьледзтва, а цяпер адносна яго ўжо вынесены прысуд, хоць асуджаным ён яшчэ і ня лічыцца”.
Між тым тыдзень таму ў КДБ нават не прызнавалі, што ў іхнім ізалятары, так званай “амэрыканцы”, утрымліваецца Аляксандар Зьдзьвіжкоў. А справу журналіста расьсьледавала і перадала ў суд пракуратура, а не КДБ.
Таксама Мая Аляксандрава паведаміла, што на ўмовы ўтрыманьня Аляксандар Зьдзьвіжкоў ня скардзіўся, але сказаў, што ў яго “хутка пагаршаецца зрок”. Адвакатка мяркуе, што на Валадарцы вязьню аказваюць неабходную мэдычную дапамогу.
Ці наведваюць Аляксандра Зьдзьвіжкова сваякі, ці перадаюць яму перадачы?
З маці Зьдзьвіжкова, Ганнай Анатолеўнай, пагутарыць не ўдаецца — яна адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі. Рэдактар закрытай газэты “Згода” Аляксей Кароль кажа, што сябры і калегі дасылалі ў “амэрыканку” харчовыя пасылкі.
“Мы яму даслалі цыгарэты, каву, гарбату. Гэта было яшчэ перад судом. І нам вядома ад адваката, што цыгарэты да яго дайшлі”.
Зараз былыя калегі Зьдзьвіжкова плянуюць перадаць яму харчы ў ізалятар на Валадарскага.
Як паведаміў Аляксей Кароль, Аляксандар Зьдзьвіжкоў прасіў, каб яго ў камэры наведаў праваслаўны сьвятар. “Наколькі мне вядома, такая сустрэча дазволена і хутка адбудзецца”, — паведаміў былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль.