viasna on patreon

Чарговая адпіска «Белпошты»

2008 2008-01-30T17:24:24+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

РУП «Белпошта» ў чарговы раз заявіла, што не абавязаная ўключаць недзяржаўныя друкаваныя выданні ў свае падпісныя каталогі, а ў выбары дзелавых партнёраў кіруецца «эканамічнай мэтазгоднасцю». Пра гэта гаворыцца ў лісце генеральнага дырэктара «Белпошты» Аляксандры Чарняк дырэктару ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» Уладзіміру Янукевічу.

Адказ «Белпошты» быў падрыхтаваны па даручэнні Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, куды сп. Янукевіч звяртаўся 7 снежня 2007 года з просьбай паспрыяць аднаўленню падпіскі на газеты Выдавецкага дома. Акрамя гэтага, кіраўніцтва

«Інтэкс-прэс» скардзілася на тое, што Баранавіцкі раённы вузел паштовай сувязі (РВПС) адмаўляецца прадастаўляць інфармацыю пра наклады рэспубліканскіх, абласных і мясцовых газет, якія распаўсюджвае.

У пасланні Аляксандры Чарняк гаворыцца, што дамовы «Белпошты» з рэдакцыямі «не маюць публічнага характару», і што «любая канфідэнцыйная інфармацыя, атрыманая ў рамках заключэння і выканання… дамовы не падлягае распаўсюду трэцім асобам».
Гэтыя словы цалкам прадубляваныя і ў адказе з Брэсцкага філіялу «Белпошты», які кіраўніцтва «Інтэкс-прэс» атрымала ў пачатку студзеня.

Не знайшла парушэнняў у дзеяннях паштароў і пракуратура г. Баранавічы, куды кіраўніцтва Выдавецкага дома таксама звярталася са скаргай. Адзінае, за што панеслі адказнасць супрацоўнікі Баранавіцкага РВПС, — гэта несвоечасовы адказ на запыт «Інтэкс-прэс». Пракуратура праінфармавала, што інструктар па падпісцы была «часткова пазбаўленая прэміяльнай даплаты па выніках працы за лістапад 2007 г.»

ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» з’яўляецца заснавальнікам газет «Intex-press», «Ганцавіцкі час», «Нясвіжскі час», «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час». Усе яны, акрамя «Нясвіжскага часу», напрыканцы 2005 года былі выключаныя з падпісных каталогаў. З-за праблем з распаўсюдам тыднёвік «Мясцовы час» у верасні 2007 г. быў вымушаны прыпыніць выхад.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства