viasna on patreon

Адказ прафесара Беластоцкага ўніверсітэта Яўгена Мірановіча на ліст пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Тадэўшы Паўляка, надрукаваны ў "Нашым слове".

2005 2005-01-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ніва № 4 (2541), 23 студзеня 2005 г.

Змаганне з „Нівай” у Мінску
Яўген МІРАНОВІЧ
Пры канцы снежня мінулага года ў працэс змагання з „Нівай” уключылася Польскае пасольства ў Мінску. Пасол Тадэуш Паўляк напісаў ў газету „Наша слова”, якая выдаецца Таварыствам беларускай мовы, ліст з поўным спіскам „злачынстваў” Праграмнай рады. Найбольш сюррэалістычна гучыць першы закід. „Сумарныя выдаткі на рэалізацыю задач у 2001-2002 гадах пададзеныя штотыднёвікам (г.зн. 1 146,4 тысяч злотых) былі завышаныя на суму 446,8 тысяч злотых (у доларавым эквіваленце каля 120 тыс. долараў)” — піша пасол РП Тадэуш Паўляк.
Што падумае чытач у Беларусі чытаючы такі сказ? Не можа нічога падумаць. Перажыве шок. Мы тут, беларусы, грамадзяне Польшчы, распараджаемся такімі сродкамі, пра якія ім нават не снілася. А прытым яшчэ „завысілі”. Што гэта абазначае і так ніхто не ведае, але з кантэксту можна дадумоўвацца, што пэўна ўкралі 120 тысяч долараў. Беластоцкі „Кур’ер паранны” доўгімі месяцамі шакіраваў грамадства Беласточчыны сумай 174 тысяч, якую мы незаконна выдаткавалі. Пасол Паўляк пабольшыў гэтую суму амаль у тры разы. Хлусня з’яўляецца неадлучным элементам дыпламатыі, але ў гэтым выпадку таксама доказам, што змаганне з „Нівай” не абмяжоўваецца толькі да беластоцкіх суперпатрыётаў і лакальнага апарату ўлады. Пасол Паўляк напэўна ведае, што адлюстроўваюць прыведзеныя ім лічбы, аднак выкарыстоўвае іх так, каб выклікаць пажаданы вобраз сітуацыі сярод беларускай інтэлігенцыі, якая ад пачатку канфлікту праявіла салідарнасць з „Нівай”.
Сума 1 146,4 тысяч злотых — гэта вартасць праектаў, якія планавала рэалізаваць Праграмная рада ў 2001-2002 гадах. У тым ліку планавалася выдаць 12 кніжак, штотыднёвік „Ніва”, распісаць літаратурныя конкурсы, арганізаваць адукацыйныя лагеры для дзяцей і моладзі. Праграмная рада, як грамадская арганізацыя, хацела рэалізаваць тое, чаго не выконвае дзяржаўная адміністрацыя. Некаторыя праекты былі прыняты да фінансавання Міністэрствам культуры РП, Управай горада Беластока ці Фондам імя Стэфана Баторыя. Аднак фінансаваліся не ўсе праекты і не ў поўным памеры коштаў. На рэалізацыю ўсіх задач не хапала 446,8 тысяч злотых (у доларавым эквіваленце каля 120 тыс. долараў). Сума, якой шакіруе пасол Паўляк, гэта грошы, якіх мы не знайшлі на рэалізацыю сваіх праектаў. Прапагандысцкая сенсацыя выплывае з рапарта Найвышэйшай кантрольнай палаты: „дамагаліся 1 146,4 тыс. зл, а атрымалі 699,6 тыс.”. Запіс Кантрольнай палаты атрымаў такую моўную канструкцыю, што кожны прапагандыст можа напісаць, што ў „Ніве” хацелі ашукаць спонсараў на 446,8 тысяч злотых. Чыноўнікі Кантрольнай палаты, хаця гэтага самі не напісалі, далі магчымасць людзям непрыхільным беларускай прысутнасці на Беласточчне праводзіць дэмагагічную антыніўскую прапаганду.
Калі б, для прыкладу, пасол Паўляк запланаваў на 2005 год выдаткі свайго пасольства ў памеры 3 мільёнаў злотых, запатрабаваў такую суму ад Міністэрства замежных спраў Польшчы і атрымаў толькі 2 мільёны, тады, згодна з логікай прапаганды, якая вядзецца супраць „Нівы”, можна было б пісаць, што „хацеў незаконна прысвоіць сабе мільён злотых”. Хаця вядома, што кожны абрэзаны бюджэт гэта абмежаваныя магчымасці рэалізацыі планаў і нічога больш. Астаецца аднак пытанне, дзеля якіх мэтаў дыпламатыя Польшчы кампраметуе за мяжой сваіх грамадзян, хай сабе і другой катэгорыі, але яшчэ грамадзян.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства