У Віцебску ўлады загадалі зьняць з выставы партрэт Васіля Быкава.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Партрэт Васіля Быкава, напісаны Алесем Пушкіным, віцябляне маглі паглядзець усяго цягам двух дзён, бо выстава адчынілася ў суботу, 15-га студзеня, па абедзе, працавала ў нядзелю, а ў панядзелак ды аўторак у выставачнай залі, як і зазвычай, былі выходныя дні. І ўжо ўчора ўвечары партрэту Васіля Быкава на месцы не было, а супрацоўніцы Цэнтру сучаснага мастацтва сьпехам мянялі месцамі іншыя творы, каб не было бачна “дзіркі” у экспазыцыі.
Яны й распавялі, што нечакана тут зьявілася дырэктарка Цэнтру сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава, якая, дарэчы, і адчыняла гэтую выставу ў мінулую суботу, а цяпер яна загадала зьняць партрэт ды схаваць, спаслаўшыся на нейкае распараджэньне аблвыканкаму.
Але схаваць сам гэты факт не ўдалося, бо на выставу зайшоў яшчэ адзін з удзельнікаў, віцебскі мастак Міхась Ляўковіч. Ён якраз кіраваўся ў абласную бібліятэку, дзе адбывалася сустрэча з прадстаўнікамі рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”, і там ён распавёў пра ўсё гэта ўсім прысутным. І паколькі ў Віцебску нічога падобнага даўно ўжо не здаралася, абурэньне людзей, паводле словаў спадара Ляўковіча, было проста бязьмежным.
Што ж ў гэтым партрэце было такога, што магло віцебскім уладам падацца крамолаю? Вось што пра свой твор распавядзе сам Алесь Пушкін. “Я доўга думаў, на якім фоне напісаць ягоны партрэт. І вырашыў так: возера, фэрмы пад чырвона-зялёнымі сьцягамі, што “горда рэюць”… АМОН зьбівае дубінкамі дойны статак, а спаміж гэтага статку, гэтых кароў, ёсьць анёлы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. І жанчына зь дзіцем уцякае да лесу – гэта вобраз тае грамадзкасьці, што ўцякае цяпер за мяжу ад гэтага калгаснага фашызму, які апісваў Быкаў у сваіх апошніх прыпавесьцях… І вось на фоне гэтага страшнага відовішча – сам Васіль Уладзіміравіч, ён адвярнуўся і ідзе прэч адтуль”.
Удзельнікі выставы “Доўгая дарога дадому” забралі з выставы і ўсе свае карціны на знак салідарнасьці з Алесем Пушкіным.