viasna on patreon

Прадпрымальнікі і ўлады рыхтуюцца да 18 лютага

2008 2008-02-08T09:44:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прадпрымальнікі заявілі пра кансалідаваную пазыцыю адносна мітынгу 18 лютага, які плянуецца правесьці на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.


Да акцыі засталося 10 дзён.Патрабаваньні прадпрымальнікаў застаюцца ранейшымі: адмена прэзыдэнцкага ўказу №760, ухваленьне закону аб малым бізнэсе, спыненьне перасьледу лідэраў прадпрымальніцкага руху і актывістаў дэмсілаў. Пад час сустрэчы з журналістамі лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў сказаў:

“На нас палююць, нас спрабуюць сутыкнуць ілбамі, але гэта ва ўладаў не атрымаецца. Сытуацыя праблемная, улада маўчыць, становіцца больш жорсткай сытуацыя з праверкамі ў рэгіёнах. Праз пасадкі, высадкі прайшлі дзесяткі нашых актывістаў”.

У зьняволеньні застаецца актывіст кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандар Цацура з Салігорску. Яго арыштавалі на 15 сутак, зьвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Ягоная жонка Тамара сказала:

“Захварэў, тэмпэратура паднялася, хуткую дапамогу выклікалі. Быццам бы грып, сказаў дзяжурны. Ён паведаміў на мабільны, каб прынесьлі таблетак. Купілі таблетак і прынесьлі туды. Ён вельмі цяжка пераносіць. Як ён там будзе на гэтых дошках?”

Аляксандра і Тамару Цацураў, а таксама іх сына Ільлю ўжо выклікалі позвамі на 11 лютага ў суд Менскага раёну. Такую ж позву атрымаў і актывіст прадпрымальніцкага руху з Узды Віктар Крываль. Яны разам ехалі ў Менск 10 студзеня, але былі затрыманыя, і на іх міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Паводле Віктара Гарбачова, уладам ня ўдасца запалохаць прадпрымальнікаў:

“З 25 студзеня ва ўсіх праваахоўных органах, МУС і КДБ ёсьць разнарадка на арышты да 18 лютага, прэвэнтыўныя затрыманьні лідэраў. Па сьпісах. Фотаздымкі ёсьць, машыны пад нумарамі, на якіх яны рухаюцца. Родныя і блізкія працуюць усюды, і мы гэту інфармацыю цудоўна ведаем”.

Паводле, каардынатара кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алеся Таўстыкі, улады парушаюць правы чалавека і ўказам №760, і іншымі сваімі дзеяньнямі:

“Усе ўдзельнікі акцыі выкарыстоўваюць канстытуцыйнае права на мірны ўдзел у акцыях і маніфэстацыях. Хачу асабліва нагадаць міліцыі, што міліцыя ня мае права займацца палітыкай. Міліцыя павінна стаяць на абароне правоў чалавека. Хачу, каб чыноўнікі зьвярнулі ўвагу на 12 прапаноў Эўразьвязу для Беларусі. Гэта самая карысная прапанова ад Эўразьвязу. Там таксама закранаецца пытаньне пра малы і сярэдні бізнэс у нашай краіне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства