viasna on patreon

«Больш небясьпечныя за апазыцыю»

2008 2008-02-08T14:47:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Група жанчынаў — сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах, што нават спрабавалі шукаць праўды з дапамогай прэзыдэнта Расеі, — зладзілі прэс-канфэрэнцыю.

Праўнік Тамара Сяргей распачала сустрэчу з цытаты старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы: «Для нас разгляд любой справы патрабуе максымальнай аддачы і высокага прафэсійнага майстэрства, бо за кожнай зь іх стаяць чалавечыя лёсы, жыцьцёвыя інтарэсы і правы людзей». Тэмай прэс-канфэрэнцыі была ацэнка дзейнасьці сучаснай судовай сыстэмы Беларусі: ці заўсёды выракі судоў справядлівыя і абгрунтаваныя і як хутка выпраўляюцца імаверныя памылкі судзьдзяў.

«Людзі, што сёньня тут сабраліся, распавядуць розныя жыцьцёвыя гісторыі. Але іх яднае адно — неабгрунтаваныя і несправядлівыя прысуды супраць іх, ці іх блізкіх, а таксама незаконнае ігнараваньне іх спробаў аднаўленьня справядлівасьці з боку чыноўнікаў» — адзначыла Тамара Сяргей.
Гісторыі, што пачулі прысутныя, былі вельмі розныя. Ніна Мірановіч з Жодзіна змагаецца за свайго сына — асуджанага на 30 гадоў турмы нібыта за забойства былой жонкі.

«У часе сьледзтва сына тры дні трымалі голым у камэры, зьбівалі, парвалі лёгкае і ён ня вытрымаў — узяў віну на сябе, бо думаў, што суд усё паставіць на месцы», — плачучы расказвае маці.

Паводле яе словаў, акрамя «прызнаньня» сына ў сьледчых не было ніякіх доказаў.

«Я, Аляксандар Крот, на дадзены момант — бомж. У 2004 г. я атрымаў інваліднасьць, прычына — быў ліквідадатарм на ЧАЭС. У тым жа годзе праз суд мая былая жонка пазбавіла мяне ільготаў і жыльля» — распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы, жыхар Менску.

Сп. Крот ня можа зразумець, навошта было аддаваць здароўе ў Чарнобылі, каб гадамі змагацца з чыноўнікамі за сваё права на жыльлё.

Сын Ларысы Качатковай стаў ахвярай менскіх рыэлтарскіх агенцыяў — і вось ужо некалькі год жанчына шукае праўды ў судах, кабінэтах пракуратуры, піша Лукашэнку лісты: «Я пісала прэзыдэнту, што нашыя чыноўнікі наносяць значна большую шкоду ўладзе, чым апазыцыя, але адказу не атрымала».

Ніхто з прысутных ня здолеў адшукаць праўды ва ўласнай краіне паасобку. Паводле слоў Людмілы Кучуры, на свае канкрэтныя пытаньні жанчыны «атрымліваюць адпіскі ад службовых асобаў судоў і Генэральнай пракуратуры», а з многімі зь іх «чыноўнікі наогул спынілі перапіску». Таксама яна раскрытыкавала працу менскага прадстаўніцтва ААН — яе скарга, дасланая на менскі адрас арганізацыі дагэтуль не адпраўленая ў Жэневу. Спн. Кучура кажа, што мае зьвесткі пра выпадкі, калі падобныя скаргі так і не траплялі да разгляду.

Не знайшоўшы падтрымкі і разуменьня ў сваёй краіне, жанчыны згуртаваліся, каб разам паспрабаваць прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў па-за межамі Беларусі. Дзеля гэтага яны зладзілі шэраг акцыяў — пікетавалі пасольства Беларусі ў Кіеве, пратэставалі ў Расеі ў часе саміту «вялікай восемкі», накіравалі прэзыдэнту Расеі сем тэлеграмаў з просьбай пасадзейнічаць сустрэчы зь беларускім прэзыдэнтам, а таксама пісалі старшыні ПАСЭ Рэнэ ван дэр Ліндэну.

У Беларусі жанчыны ўдзельнічалі ў Сацыяльным маршы ў лістападзе мінулага году, зьвярталіся зь лістамі да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, генпракурора Пятра Міклашэвіча, сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана, Мітрапаліта Філарэта. Апошні — адзіны, хто паабяцаў зьвярнуцца да Лукашэнкі з просьбай дапамагчы жанчынам.

Неаднаразовыя звароты да самаго прэзыдэнта не прынесьлі плёну. 9 студзеня гэтага года яны зноў зьвярнуліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай аб асабістым прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі, аднак 11 студзеня атрымалі адмову за подпісам начальніка ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзыдэнта Станіслава Буко.

«Нашыя чыноўнікі ў СМІ расцэньваюць увагу міжнародных структураў да пытаньняў правоў чалавека ў Беларусі, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны» — заўважае Ларыса Качаткова.

Яна лічыць, што ў сытуацыі, калі праблемы грамадзянаў ігнаруюцца ўладамі іхняй жа краіны, увага і падтрымка з боку іншых краінаў будзе вітацца пакрыўджанымі. Наш прэзыдэнт не сустрэўся з намі і таму я ўдзячная амэрыканскай амбасадзе і асабіста прэзыдэнту ЗША за тое, што ён гэты час знайшоў, удзячная за ўвагу да нас, сказала жанчына.

«У дадзеным выпадку чыноўнікі маюць справу не з апазыцыйнымі палітыкамі, зь якімі яны ўжо даўно выпрацавалі надзейны мэханізм дачыненьняў» — падкрэсьліла напрыканцы сустрэчы Тамара Сяргей. Цяпер улада сутыкнецца з простымі людзьмі, якія ад яе пацярпелі і пачалі арганізоўвацца, каб дамагчыся справядлівасьці. Самаарганізацыя пакрыўджаных грамадзянаў — гэта страшней за апазыцыю, лічыць праўнік.

Па выніках прэс-канфэрэнцыі было вырашана працягваць акцыі пратэсту і рыхтаваць звароты ў дзяржаўныя органы і да замежных арганізацыяў. Была агучаная і падтрыманая ўсімі ідэя выдаць асобным зборнікам справы пацярпелых. Матэрыял, па запэўніваньнях прысутных, сабраны — кожны дакумэнт, усе лісты-адпіскі, засталося толькі надрукаваць.

Сямён Печанко

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства