У панядзелак – разгляд касацыйнай скаргі «Новага часу»
Калегія Мінскага гарадскога суда 11 лютага ў 15.00 пачне разглядаць касацыйную скаргу выдаўцоў газеты «Новы час» на рашэнне суда першай інстанцыі па зыску Мікалая Чаргінца. (Адрас суда — г. Мінск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1).
Шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль не хавае, што спадзяванняў на перагляд справы ў яго амаль няма. Нягледзячы на гэта, ён лічыць неабходным прайсці працэдуру абскарджання — каб прадэманстраваць сваю нязгоду з палітычна матываваным, на яго думку, рашэннем.
У нумары «Новага часу» ад 1 лютага рэдакцыя надрукавала зварот ад чытачоў з просьбай аб матэрыяльнай падтрымцы выдання, якое апынулася перад пагрозай спынення з фінансавых прычын.
20 снежня суд Першамайскага раёна Мінска пастанавіў спагнаць 50 мільёнаў рублёў з выдаўца «Новага часу» (прыватнага выдавецкага прадпрыемства «Час навінаў») і 1 млн. — з журналіста Аляксандра Тамковіча на карысць старшыні камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалая Чаргінца. Нагодай для зыску быў артыкул А. Тамковіча «Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец», які з’явіўся ў газеце 24 верасня 2007 г. (№ 25). Зыскоўцу пакрыўдзілі крытычныя заўвагі пра яго як палітыка і пісьменніка.