Улады Віцебскай вобласці знізілі кошт арэнды для дзяржаўных СМІ
Рэдакцыі дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці, заснаваныя органамі мясцовага кіравання і самакіравання, цяпер будуць плаціць за арэнду сваіх рэдакцыйных памяшканняў толькі 15% ад звычайнай сумы. Адпаведнае рашэнне прыняў Віцебскі аблвыканкам.
Паводле пастановы абласных уладаў, на 2008 год для рэдакцый дзяржаўных газет і праграм радыёвяшчання, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання, усталёўваецца паніжальны каэфіцыент 0,15 да базавых ставак арэнднай платы.
Правіла распаўсюджваецца на памяшканні, якія гэтыя рэдакцыі арандуюць у грамадскіх, адміністратыўных і пераабсталяваных вытворчых будынках, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці.
Рашэнне аблвыканкама было апублікавана днямі ў абласной дзяржаўнай газеце «Народнае слова» (нумар ад 19.02.2008), хаця прынялі яго, як высветлілася, яшчэ ў канцы мінулага года (рашэнне «Аб усталяванні паніжальнага каэфіцыенту да базавых ставак арэнднай платы» ад 28.12.2007).
Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскладзены на Віцебскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці і ўпраўленне ідэалагічнай працы аблвыканкаму.