viasna on patreon

Пагроза Навумава завесьці 50 крымінальных справаў адносна ўдзельнікаў акцыяў амаль спраўдзілася.

2008 2008-02-26T12:19:23+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, сьледчы аддзел МУС распачаў допыты ў якасьці падазраваных па крымінальнай справе, ўзбуджанай па па арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” па факце правядзеньня акцыі прадпрымальнікаў і стыхійнага шэсьця па праспекту Незалежнасьці 10 студзеня. Па папярэдніх зьвестках падазраванымі зьяўляюцца 12 чалавек. Трое з падазраваных сёньня выкліканыя позвамі ў сьледчы аддзел МУС на допыт. Гэта Уладзімір Сяргееў, Алесь Стральцоў і Міхась Крываў.

Праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч каментуе сітуацыю: 

Нягледзячы на тое, што ўлады пайшлі на такія крокі, як вызваленьне некаторых палітвязьняў, палітычна матываваны крымінальны перасьлед у нашай краіне не прыпыняецца.

Як мы ведаем, зараз за Еўрапейскі марш, прайшоўшы 14 кастрычніка, узбуджана крымінальная справа ў адносінах да трох чалавек па артыкуле “Злоснае хуліганства”  і вось цяпер сьледчы аддзел Міністэрства ўнутраных справаў распачало папярэдняе сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай па факце правядзеньня ў Менску 10 студзеня мітынгу прадпрымальнікаў. Крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 342 “Групавыя дзеяньні, груба парушаючыя грамадзкі парадак” і на дадзены момант вядома, што сьпіс асобаў, якія будуць дапытвацца ў якасьці падазраваных, складае 12 чалавек, на сёньня выкліканыя трое з іх. Акрамя таго за ўдзел у мірнай акцыі ў СІЗА на вул. Валадарскага зьмешчаны моладзевы актывіст Андрэй Кім. У выніку, на сёньня мы маем ужо 16 крымінальных справаў.

Таксама працягваецца сьледзтва па арт. 193.1 КК РБ за дзейнасьць ад імя Маладога Фронту ў дачыненьні да адлічанай студэнткі Кацярыны Салаўёвай з Полацку, матэрыялы справы ўжо хутка будуць перадавацца ў суд. Ёсьць таксама тры аналагічныя крымінальныя справы па Гомельскай вобласьці. Літаральна на днях прыйшла інфармацыя, што ў дачыненьні да Андруся Цянюты з Гомелю яна прыпыненая, хутчэй за ўсё, прыпыненыя і дзьве астатнія – супраць Арсенія Ягорчанкі са Сьветлагорску і Кірыла Атаманчыка са Жлобіну. Але гэта абсалютна не азначае, што справы закрытыя: раней іх ужо прыпынялі і зноўку аднаўлялі.

Такім чынам, мы бачым, што беларускія ўлады на дазеным этапе не зьмяншаюць крымінальны перасьлед адносна грамадзка-палітычных актывістаў, і колькасна фактычна ён застаецца на тым ўзроўні, як і ў мінулым годзе. Гэты новы віток палітычна матываванага крымінальнага перасьледу нас, праваабаронцаў, сур’ёзна непакоіць.   

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства