Адміністрацыя Маскоўскіх могілкаў адмовілася выдзеліць месца для пахавання Ірыны Казулінай
Палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін мае намер звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з асабістай просьбай аб выдзяленні месца на Маскоўскіх могілках для пахавання жонкі Ірыны Казулінай.
"Цяпер рыхтуюцца мой асабісты зварот і аналагічны зварот да Лукашэнкі ад прадстаўнікоў усіх дэмакратычных сілаў", – сказаў Аляксандр Казулін.
Сваякі Ірыны Казулінай просяць выдзяліць месца для пахавання на Усходніх або Кальварыйскіх могілках.
Раней адміністрацыя Усходніх (Маскоўскіх) могілак Менска адмовіла Аляксандру Казуліну ў падаванні месца, паведамляе БелаПАН.
У гэтай сувязі апазіцыйны палітык заклікаў улады не пагаршаць сітуацыю і даць магчымасць спакойна правесці пахаванні.
«Я звяртаюся да вышэйшага кіраўніцтва з просьбай не напружваць сітуацыю, а даць магчымасць правесці пахаванні спакойна», – заявіў Аляксандр Казулін «Радыё Свабодзе».
«Людзі высокага рангу, на якіх мы выходзілі, спрабавалі нешта зрабіць. Але цяпер мы не можам з імі звязацца», – растлумачыў палітык.
Аляксандр Казулін таксама паведаміў, што ўсе астатнія арганізацыйныя пытанні пахаванняў фактычна вырашаныя.
Нагадаем, Ірына Казуліна сканала ўвечары 23 лютага ад анкалагічнага захворвання. Грамадзянская паніхіда пройдзе ў Чырвоным касцёле з 20.00 26 лютага да 12.00 27 лютага. У гэты ж дзень адбудуцца пахаванні.