Яраслаў Грышчэня аштрафаваны за мітынг прадпрымальнікаў
Сёньня адбылося судовае паседжаньне па адміністратыўнай справе моладзевага актывіста з Баранавічаў Яраслава Грышчэні, затрыманага ўчора і правёўшага суткі ў КПЗ. Працэс пачаўся толькі ў 12-30 і доўжыўся некалькі гадзінаў, бо ў суд не зьявіліся сьведкі з боку абвінавачаньня і дзеля іх выкліку быў абвешчаны перапынак. Паседжаньне магло зацягнуцца да заўтрашняга дня, таму, каб не заставацца яшчэ на адну ноч у КПЗ, Яраслаў Грышчэня пагадзіўся з прад'яўленым абвінавачаньнем па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганцтва) і судзьдзя вынес спагнаньне ў выглядзе штрафу памерам 3 базавыя велічыні.
Нагадаем, што 11 лютага падчас правядзеньня ў Баранавічах мітынгу прадпрымальнікаў моладзевы актывіст быў затрыманы, у пастарунку на яго склалі адміністратыўны пратакол нібыта за брыдкую лаянку і сказалі чакаць позвы ў суд. Аднак замест позвы супрацоўнікі міліцыі затрымалі Яраслава Грышчэню проста на вуліцы і трымалі за кратамі да наступнага дня, калі было прызначана судовае паседжаньне.