viasna on patreon

А. Здвіжкоў: «Я спакойна ўздыхну толькі калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь…»

2008 2008-02-26T17:18:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Аляксандр Здвіжкоў збіраецца з’ехаць з Беларусі, змяніць грамадзянства і больш не будзе займацца журналістыкай. Пра гэта ён паведаміў калегам 25 лютага на першай пасля свайго вызвалення прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў офісе ГА «БАЖ».

«Я не жадаю быць грамадзінам ГЭТАЙ Рэспублікі Беларусь, у якой ёсць менавіта ГЭТЫЯ суды, менавіта ГЭТАЯ пракуратура і менавіта ГЭТЫЯ турмы», — так патлумачыў свой намер змяніць грамадзянства экс-намеснік рэдактара «Згоды». «Я цудоўна ўсведамляю, што дагэтуль не знаходжуся ў бяспецы, і спакойна ўздыхну толькі калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь», — зазначыў журналіст. Адносна творчых планаў ён зазначыў, што працягне прафесійную дзейнасць, але не журналісцкую, а пісьменніцкую.

Сваё трохмесячнае знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі журналіст жартам назваў «творчай камандыроўкай», бо набыты там досвед ён ніколі не атрымаў бы ў звычайных умовах.

Аляксандр Здвіжкоў лічыць, што менавіта з-за жорсткіх умоваў утрымання ў яго пагрошыўся стан здароўя — за 3 месяцы зняволення журналіст на 30% страціў зрок. У прыватнасці, ён 70 дзён правёў у камеры СІЗА КДБ, дзе тэмпература не падымалася вышэй за 15–16 градусаў, і ўвесь час стаяла вада. У турме на вул. Валадарскага з-за недахопу спальных месцаў вязням даводзілася спаць пазменна, а камера цэлыя суткі асвятлялася адной лямпачкай у 40 ВТ на вышыні 3,5 м.

«Я заяўляю, што ў беларускіх турмах ажыццяўляецца паслядоўная практыка маральных і фізічных здзекаў, а ўся сістэма — пенітэнцыярная, судовая, следчая — у гэтай дзяржаве пабудавана на ператварэнні чалавека ў жывёлу», — заявіў журналістам А. Здвіжкоў.

Ён па-ранейшаму лічыць, што перадрукаваныя па яго ініцыятыве карыкатуры ў «Згодзе» нічыіх рэлігійных пачуццяў не маглі закрануць, бо, як патлумачылі яму сапраўдныя вернікі-мусульмане, самі па сабе карцінкі без подпісаў не могуць зняважыць рэлігійных пачуццяў, паколькі ў ісламе не існуе кананічных выяваў Алаха альбо прарока Мухамеда. Па словах Здвіжкова, рэлігійную варожасць распальвала сама беларуская пракутарура, якабя назвала карцінкі «карыкатурамі на прарока».

У прэс-канферэнцыі таксама браў удзел былы галоўны рэдактар «Згоды» Аляксей Кароль. «Мы ўсе цешымся, што Аляксандр выйшаў. Я дакладна ведаю, што адной з галоўных прычын, па якой яго вызвалілі, быў той рэпарцёрскі інфармацыйны «вал», які арганізавалі мы. Так што не ўсё дарэмна, не ўсё прападае, не ўсё знікае ў нашай дзяржаве. Гэта павінна нас падтрымліваць і натхняць надалей…», — зазначыў А. Кароль.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства